ISW: Z-прапагандысты ловяць Крэмль на хлусні
- 1.12.2025, 10:35
Поспехі расіян значна перабольшаныя.
Крэмль працягвае распаўсюджваць ілжывы наратыў пра тое, што палітычная стабільнасць і лінія фронту ва Украіне знаходзяцца на мяжы краху, спрабуючы пераканаць Захад капітуляваць перад расійскімі патрабаваннямі, якія РФ не можа забяспечыць ваенным шляхам, папярэджвае ў сваім новым дакладзе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі ISW звярнулі ўвагу на словы спікера Крэмля Дзмітрыя Пяскова, які 30 лістапада заявіў у эфіры дзяржаўнага прапагандысцкага расійскага тэлебачання, што ўнутраныя праблемы Украіны і яе цяжкасці на полі бою, маўляў, пагаршаюцца з кожным днём. Пяскоў таксама беспадстаўна абвінаваціў улады Украіны ў тармажэнні працэсу мірных перамоў (хаця, як нагадвае ISW, украінскія дэлегацыі рэгулярна ўдзельнічаюць у актыўных абмеркаваннях умоў мірнай дамовы, прапанаванай ЗША, ад моманту з’яўлення паведамленняў пра гэтую дамову ў сярэдзіне лістапада 2025 года — пры гэтым Украіна папярэдне ўжо пагадзілася на ўмовы, на якія Расія яшчэ не згаджалася).
Як мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны, новыя заявы Пяскова, верагодна, з’яўляюцца часткай кансалідаванай інфармацыйнай кампаніі Крэмля, накіраванай на стварэнне «ілжавага адчування неадкладнасці» адносна перамогі Расіі. Гэтая кампанія прызваная аказваць ціск на Украіну і Захад, каб яны неадкладна згадзіліся на патрабаванні Расіі, перш чым сітуацыя для Украіны пагоршыцца, тлумачаць у ISW.
Нават расійскія «ваенкары» ў сваіх заявах супярэчаць спробам Крэмля падаваць перамогу Расіі ў вайне супраць Украіны як непазбежную. Адзін з іх, заяўляючы пра спрыяльную для акупантаў тактычную сітуацыю на полі бою, у прыватнасці паблізу Гуляйполя, адначасова канстатаваў, што асвятленне расійскімі дзяржаўнымі СМІ прасоўвання расіян на фронце зноў нагадвае «радасна-дурнаватае ружовае шапказакідальніцкае трызненне». Ён канстатаваў, што Расія працягвае адчуваць праблему недахопу людскіх рэсурсаў і што бягучая кампанія па наборы добраахвотнікаў не забяспечвае дастатковай колькасці сіл для дэмабілізацыі расійскага асабовага складу. Акрамя таго, былы расійскі афіцэр і зняволены ультранацыяналіст Ігар Гіркін у нядаўнім лісце, апублікаваным у канцы лістапада, заявіў, што Расія не зможа ператварыць свае прасоўванні ў раёне Гуляйполя і Арэхіва ў дасягненні аператыўнага ўзроўню без дастатковай колькасці рэзерваў для выкарыстання гэтых тактычных прасоўванняў. Гіркін таксама нагадаў, што паўгадавае расійскае наступленне на Куп’янск яшчэ не прывяло да захопу горада і назваў «другараднамі» намаганні акупантаў, накіраваныя на захоп такіх гарадоў, як Пакроўск, Ваўчанск, Сіверск і Ліман.
Ён лічыць, што гэтыя намаганні з’яўляюцца толькі тактычнымі, не будуць хуткімі, не знізяць агульную баявую эфектыўнасць украінскіх вайскоўцаў і не прывядуць да абвалу лініі фронту. Гіркін таксама намякнуў, што Расія мае дастаткова войскаў для падтрымкі тактычнага прасоўвання, аднак ёй не хапае неабходных рэзерваў і рэсурсаў для дасягнення сваіх стратэгічных мэтаў — сярод якіх захоп такіх гарадоў, як Дніпро, Запарожжа і Харкаў.