Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі намякнуў на праблемы Расіі
- 1.12.2025, 9:22
З эканомікай у суседняй краіны не ўсё так добра.
Бягучы год — вельмі складаны з пункту гледжання продажаў усіх відаў тэхнікі і машынабудаўнічай прадукцыі ў Расіі, распавёў у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты. Чыноўнік лічыць, што цяжкасці выкліканыя не тым, што «беларусы ўпалі», а тым, што «такі сёння стан рынку», намякаючы на эканамічныя праблемы Расіі.
Паводле слоў Крутага, цяжкасці з продажамі абумоўленыя некалькімі фактарамі: ад кошту зерня да ўзроўню працэнтных ставак па банкаўскіх і лізінгавых прадуктах.
— Калі ў фермераў, як у ключавых спажыўцоў, такое фінансавае становішча, яны ў першую чаргу думаюць пра бягучую дзейнасць, а не пра інвестыцыйнае абнаўленне і набыццё трактароў і камбайнаў, — распавёў Дзмітрый Круты.
Дзмітрый Круты звярнуў увагу і на той факт, што нашы прадстаўнікі прайгралі ў расійскіх рэгіёнах некалькі конкурсаў на пастаўку тралейбусаў з аўтаномным ходам.
Заўважым, шэраг праблем з расійскай эканомікай, якая з’яўляецца ключавой для рэжыму Лукашэнкі, ужо пачаў выходзіць наверх.