Вільнюскі аэрапорт не працаваў увесь вечар і ўсю ноч
- 1.12.2025, 8:30
З-за налёту метэазондаў.
У нядзелю ўвечары паветраная прастора над Вільнюскім аэрапортам была закрытая з-за зафіксаваных кантрабандных шароў, якія заляцелі з Беларусі ў Літву, паведаміла кіраўніцтва аэрапорта ў Facebook. Абмежаванні ўвялі з 18:09, а знялі а 5-й гадзіне раніцы, піша LRT.
«Абмежаванні паветранай прасторы знятыя а 5-й гадзіне раніцы. Усе аперацыі ў Вільнюскім аэрапорце праходзяць у звычайным рэжыме», — адзначылі Літоўскія аэрапорты (LTOU).
«Паводле папярэдніх дадзеных, рашэнне аб увядзенні абмежаванняў паветранай прасторы было абумоўлена навігацыйнымі пазнакамі, характэрнымі для паветраных шароў, што рухаліся ў напрамку Вільнюскага аэрапорта», — гаворыцца ў паведамленні аэрапорта.
«Важна адзначыць, што рашэнне па канкрэтным рэйсе прымае авіякампанія. Таму пасажырам, чые планы маглі быць закранутыя, варта ў першую чаргу кіравацца інфармацыяй, якую падае іх авіякампанія», — адзначае аэрапорт.
Як раней паведамляла BNS, з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы, што ўзнікла пасля з’яўлення кантрабандных паветраных шароў з Беларусі, Літоўскія аэрапорты (LTOU) звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай ініцыяваць дасудовае расследаванне.