Гендырэктар Бі-Бі-Сі Цім Дэйві сыходзіць у адстаўку
- 9.11.2025, 23:06
Прычына — скандал з дакументалкай пра Трампа.
Генеральны дырэктар Брытанскай вяшчальнай карпарацыі Бі-Бі-Сі Цім Дэйві і выканаўчая дырэктарка навінавай службы Дэбора Тэрнэс падалі ў адстаўку. Пра гэта паведамляе сама карпарацыя.
Адстаўкі адбыліся пасля шквалу крытыкі на адрас Бі-Бі-Сі з-за дакументальнага фільма пад назвай «Трамп: другі шанец?», які выйшаў летась. Газета The Telegraph апублікавала дадзеныя ўцечкі, паводле якіх у фільме былі змантаваныя дзве часткі прамовы Трампа так, каб стварыць уражанне, нібыта ён наўпрост заклікаў да беспарадкаў у Капітоліі ў студзені 2021 года.
Цім Дэйві ў звароце да супрацоўнікаў заявіў, што рашэнне сысці — яго ўласнае, і ён удзячны Радзе дырэктараў за падтрымку. Ён прызнаў, што «былі дапушчаныя некаторыя памылкі», і як гендырэктар ён нясе за іх адказнасць. Дэйві застанецца на пасадзе яшчэ некалькі месяцаў, каб забяспечыць плыўную перадачу кіраўніцтва. Ён узначаліў карпарацыю ў верасні 2020 года.
Дэбора Тэрнэс, якая кіравала навінавай службай з 2022 года, адзначыла, што скандал дасягнуў той стадыі, калі ён «прыносіць шкоду Бі-Бі-Сі — інстытуцыі, якую я люблю». Яна падкрэсліла, што адказнасць ляжыць на ёй, запэўніўшы пры гэтым, што абвінавачанні ў сістэмнай прадузятасці BBC News — няпраўдзівыя.