У Беларусь усё часцей прыязджаюць паляўнічыя з краін Персідскага заліва
- 9.11.2025, 22:17
Краіну ператвараюць у рэзервацыю для палявання за грошы.
У Беларусі лістапад абвясцілі месяцам паляўнічага турызму. У 2025 годзе ліцэнзіі на паляванне атрымалі больш за 1900 чалавек — гэта на 100 больш, чым летась, паведамляе News.by.
За дзесяць месяцаў 2025 года ў Беларусі зарэгістравалі 1012 замежных паляўнічых тураў. Для параўнання, за ўвесь 2024 год іх было 890.
Большасць турыстаў-паляўнічых прыязджае з Расіі і іншых краін СНД. Але колькасць гасцей з Еўрасаюза таксама расце — прыкладна на 3%.
«Паляўнічы турызм у Беларусі традыцыйна карыстаецца папулярнасцю як сярод беларускіх паляўнічых, расійскіх паляўнічых, так і гасцей з далёкага замежжа. У прыватнасці, гэта арабскія краіны, у першую чаргу Персідскі заліў. Таксама цікавасць праяўляюць паляўнічыя з Індыі, з Кітая і іншых замежных краін», — расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.
«Паляўнічы турызм — адзін з найбольш перспектыўных напрамкаў турызму ў Беларусі. Перш за ўсё гэта адбываецца таму, што рэсурсная база гэтага турызму, так бы мовіць, нарастае даволі хуткімі тэмпамі. Колькасць асноўных відаў паляўнічых жывёл, якія карыстаюцца попытам, сёння даволі хутка павялічваецца, таму прырост менавіта ў плане даходаў ад замежнага або ўязнога турызму, так бы мовіць, сёння назіраецца на ўзроўні каля 130%», — расказаў начальнік аддзела Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Казарэз.
Так, паводле яго слоў, папуляцыя высакароднага аленя за апошнія 20 гадоў павялічылася больш як у дзесяць разоў. Таксама стала больш рысяў і мядзведзяў, у сувязі з чым на іх дазволілі паляванне. Сёння стала вядома, што ўпершыню за 40 гадоў у Беларусі на паляванні была здабытая рысь.