Пляцоўка Steam выдаліла гульню беларускага распрацоўніка
- 9.11.2025, 22:58
Яго абвінавацілі ў плагіяце і падтрымцы расійскай агрэсіі ва Украіне.
Пляцоўка продажу гульняў Steam выдаліла гульню Misery, створаную беларускай студыяй Platypus Entertainment. Яна натхнёная серыяй S.T.A.L.K.E.R. украінскай студыі GSC Game World. Менавіта яна абвінаваціла беларускага аўтара ў выкарыстанні кантэнту без дазволу, піша «Еўрарадыё».
19-гадовы стваральнік гульні адмаўляе запазычанні і сцвярджае, што Misery не выкарыстоўвае персанажаў, музыку або код з серыі S.T.A.L.K.E.R.
Таксама высветлілася, што ў канале Discord Misery знайшлі падтрымку ўварванню Расіі ва Украіну: карыстальнікі спамілі літарай «Z» у чаце, у галоўнага мадэратара быў значок «ZOV», а адной з рэакцый у чаце стаў лагатып ПВК «Вагнер».
Platypus Entertainment намерваецца аспрэчыць гэтае рашэнне.
«Misery — гэта зусім іншая канцэпцыя, дзеянне якой адбываецца ў выдуманай Рэспубліцы Заслаўе і не мае ніякага дачынення да сусвету S.T.A.L.K.E.R., Чарнобыля і інш. Misery не выкарыстоўвае персанажаў, сюжэт, сюжэтныя лініі, рэсурсы, монстраў, музыку, код і інш. з іх гульняў. Мы лічым, што гэта злоўжыванне становішчам буйной карпарацыі ў дачыненні да невялікіх незалежных распрацоўнікаў, і так быць не павінна», — адзначылі распрацоўнікі ў сваёй апошняй публікацыі ў Steam.