Апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі ўдару па базе «шахедаў» у Данецку
- 9.11.2025, 19:17
ЗСУ зраўнялі з зямлёй склады расійскіх дронаў.
У выніку ўдару 5 лістапада па базе, дзе расійскія акупанты захоўвалі, камплектавалі і запускалі «шахеды», адзін са складаў знішчаны поўнасцю.
Такія высновы ў нядзелю, 9 лістапада, агучыў OSINT-праект Dnipro Osint, абапіраючыся на спадарожнікавы здымак.
«Поўнасцю знішчаны адзін са складаў, другі таксама атрымаў пашкоджанні», — гаворыцца ў апісанні да здымка.
Паведамляецца, што спадарожнік зафіксаваў «вынікі атакі беспілотнікамі FP-2 па складах баявых частак шахедаў на тэрыторыі Данецкага аэрапорта» (ДАП) у часова акупаваным расіянамі Данецку.
Раней, 6 лістапада, у OSINT-праекце, каментуючы атаку, адзначылі, што ўдар Сіл абароны па базе «шахедаў» 5 лістапада «у цэлым вельмі выніковы».
«Схіляюся да таго, што знішчана каля 500 баявых частак, але гэта таксама вельмі шмат, асабліва для адной кропкі», — рэзюмаваў аналітык праекта.
Блогер і журналіст Дзяніс Казанскі напісаў, што ў Данецку зафіксаваны ракетны ўдар па вялікім складзе боепрыпасаў. «Наймацнейшы выбух, магутная ўдарная хваля і другасныя дэтанацыі», — адзначыў ён.
У чацвер, 6 лістапада, камандуючы Сіл Беспілотных Сістэм (СБС) Роберт Мадзяр Броўдзі заявіў, што ўкраінскія абаронцы знішчылі базу, дзе расійскія акупанты захоўвалі, камплектавалі і запускалі «шахеды». Яна знаходзілася на тэрыторыі ДАП.