Раскамнагляд атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы па ізаляцыі Рунэта
- 9.11.2025, 14:35
Новыя правілы ўступяць у сілу 1 сакавіка 2026 года.
Урад РФ надаў Раскамнагляду (РКН) права адключаць Рунэт ад глабальнага інтэрнэту і блакаваць любыя сайты. Новыя «правілы цэнтралізаванага кіравання сеткай сувязі агульнага карыстання» ўступяць у сілу 1 сакавіка 2026 года. Згодна з імі РКН зможа скарыстацца сваімі паўнамоцтвамі пры ўзнікненні «пагроз устойлівасці, бяспекі і цэласнасці» функцыянавання інтэрнэту ў Расіі.
У пераліку рызык, якія патрабуюць умяшання, — аварыі і перагрузкі вузлоў сувязі; парушэнне працы крытычна важных аб’ектаў; кібератакі і распаўсюджанне забароненага кантэнту; разрыў узаемадзеяння расійскіх і замежных сетак сувязі агульнага карыстання; немагчымасць абмену інфармацыяй унутры краіны.
У гэтых і іншых выпадках Раскамнагляд зможа аддаваць абавязковыя распараджэнні аператарам і правайдарам аб абмежаванні доступу да рэсурсаў, перанакіроўваць трафік праз тэхнічныя сродкі супрацьдзеяння пагрозам, змяняць маршруты перадачы даных і канфігурацыю сродкаў сувязі, актываваць фільтры і блакіроўкі, а пры неабходнасці — цалкам ізаляваць Рунэт.
Рэгламент рэагавання будзе зацвярджацца па ўзгадненні з Міністэрствам лічбавага развіцця і ФСБ. Аператараў сувязі абавязваюць прызначыць адказных за ўзаемадзеянне з РКН і прадаставіць тэхнічную магчымасць для збору даных аб працы сетак.
Пры гэтым пастаўшчыкі паслуг змогуць выстаўляць прэтэнзіі да Раскамнагляду, калі тэхнічныя сродкі працуюць некарэктна або блакуюць легальны кантэнт. У асобных выпадках аператарам дазволяць часова накіроўваць трафік у абыход сістэм РКН — пры ўмове паведамлення рэгулятара.
Новыя правілы тлумачаць «неабходнасцю забяспечыць устойлівасць і цэласнасць працы інтэрнэту». Палітолаг Ілья Грашчанкоў лічыць, што расіянам трэба рыхтавацца да таго, што доступ да міжнародных рэсурсаў, нават легальных, будзе нестабільным або цалкам немагчымым. «Новыя правілы перакладаюць расійскі інтэрнэт у рэжым кіраванай экасістэмы, дзе прыярытэтам з’яўляецца не адкрытасць і свабода інфармацыі, а кантроль, бяспека і ўстойлівасць з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў, як іх разумее ўлада», — адзначыў эксперт. З пункту гледжання Грашчанкова, цяпер верагоднасць фрагментацыі расійскага інтэрнэту і яго адключэння ад глабальнай сеткі «перайшла з разраду тэарэтычных у разрад рэальных».
Улады паслядоўна абмяжоўваюць карыстанне інтэрнэтам з пачатку ўварвання ва Украіну. Спачатку цэнзура закранула незалежныя СМІ і папулярныя замежныя сацсеткі (Instagram, Facebook), затым пачалі блакавацца мэсанджары і іншыя сэрвісы абмену паведамленнямі (Signal, Viber, Discord). Таксама быў крытычна запаволены відэахостынг YouTube, што зрабіла немагчымым яго выкарыстанне ў Расіі. Акрамя таго, былі забаронены рэклама, распаўсюджванне навукова-тэхнічнай інфармацыі і статыстыкі пра VPN-сэрвісы, якія выкарыстоўваюцца для абыходу блакіровак.
З мая 2025 года ўлады пачалі адключаць мабільны інтэрнэт, фармальна тлумачачы гэта неабходнасцю супрацьдзейнічаць украінскім дронам, хоць блакіроўкі адбываюцца і ў рэгіёнах, якія ні разу не сутыкаліся з такімі атакамі.
З 1 верасня ў Расіі пачалі дзейнічаць штрафы за пошук «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ў інтэрнэце, пры гэтым выкарыстанне VPN стала абцяжваючай акалічнасцю.
Паралельна Раскамнагляд рыхтуецца істотна пашырыць тэхнічную сетку, якая выкарыстоўваецца для блакіроўкі інтэрнэт-трафіку і сачэння за карыстальнікамі. Дадатковыя прылады фільтрацыі дадуць ведамству магчымасць уводзіць больш кропкавыя блакіроўкі і выяўляць тых, хто «шукае экстрэмісцкія матэрыялы», адзначалі ў праекце «На сувязі».