Гісторыя пра хлопцаў з аўтаматамі каля салона беларускі атрымала працяг
- 9.11.2025, 13:55
З імі запісалі «пакаяльнае» відэа.
Нядаўна гомельчанка Валерыя расказала ў TikTok, што днём да салона, дзе яна працуе, прыйшлі двое падлеткаў з аўтаматамі, а трэці ўсё здымаў на відэа. Дзяўчына напісала заяву ў міліцыю. Парушальнікаў спакою знайшлі — імі аказаліся трое студэнтаў, якія купілі цацкавыя аўтаматы, каб падуркаваць.
Гомельчанка расказвала, што від хлопцаў з аўтаматамі напалохаў яе і кліентку, у прыватнасці яна «ледзь не адкінула канькі». Відэа ў яе TikTok-акаўнце пра гэта ўжо выдалена, але яго захавалі ў міліцыі. Пра вынікі працы па інцыдэнце паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал МУС.
«Нядаўна ў Гомелі трое мясцовых студэнтаў (19, 20 і 21 год) пасля пар вырашылі ўспомніць дзяцінства і павесяліцца. Яны купілі ў краме цацкавыя аўтаматы і, шпацыруючы па горадзе, дурэлі, цэлячыся адзін у аднаго», — расказалі ў міліцыі.
Са студэнтамі правялі прафілактычную гутарку, з імі запісалі «пакаяльнае» відэа, дзе хлопцы патлумачылі, што купілі аўтаматы ў ўнівермагу і больш так рабіць не будуць.
«Хачу дадаць, што ніякага злога намеру мы не мелі, увогуле не чакалі, што будзе такая рэакцыя. Хацелі б папрасіць прабачэння, калі, ну, праўда, неяк напалохалі, вызвалі негатыўныя эмоцыі. Бо ў нас не было такой мэты», — сказаў адзін з іх.