У Швецыі дрон атакаваў вілу расійскай дэлегацыі
- 9.11.2025, 10:55
Абліў фарбай і ліпкай вадкасцю.
У Швецыі невядомы дрон атакаваў вілу расійскай гандлёвай дэлегацыі паблізу Стакгольма, абліўшы будынак фарбай і ліпкім рэчывам.
Пра гэта паведамляе Associated Press.
Як паведаміў прадстаўнік паліцыі Стакгольма Ола Эстэрлінг, інцыдэнт адбыўся каля 05:30 у суботу, 8 лістапада. Супрацоўнікі дэлегацыі заўважылі дрон і ўбачылі, як ён скінуў кантэйнер з фарбай і невядомым рэчывам, пасля чаго выклікалі паліцыю.
У выніку здарэння ніхто не пацярпеў. Праваахоўнікі не бачылі сам дрон, аднак апыталі сведкаў сярод супрацоўнікаў прадстаўніцтва.
Хто менавіта стаіць за атакой, пакуль невядома. Паліцыя ўзяла ўзоры рэчыва для аналізу і распачала крымінальную справу па факце вандалізму.