BE RU EN

Лаўроў падагрэў чуткі пра сваю адстаўку

  • 9.11.2025, 9:30

Кіраўнік МЗС РФ не з’явіўся на важным мерапрыемстве.

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў не з’явіўся на пасяджэнне Савета бяспекі Расіі. Паралельна стала вядома, што ён не ўзначаліць расійскую дэлегацыю на саміце G20 у Ёганэсбургу.

Адсутнасць Лаўрова выклікала чуткі пра яго рознагалоссі з дыктатарам Пуціным і магчымую адстаўку. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле CNN.

Адсутнасць Лаўрова парадзіла чуткі

Пасля таго як на аператыўнай нарадзе з пастаяннымі членамі Савета бяспекі РФ 5 лістапада 2025 года была заўважана адсутнасць Лаўрова, узнікла хваля спекуляцый у расійскіх і сусветных СМІ. Лаўроў аказаўся адзіным пастаянным членам Саўбеза, які прапусціў гэта пасяджэнне, на якім, між іншым, абмяркоўвалася даручэнне дыктатара Уладзіміра Пуціна прапрацаваць прапановы аб аднаўленні ядзерных выпрабаванняў.

Некаторыя СМІ са спасылкай на свае крыніцы паведамілі, што адсутнасць міністра была «узгодненай». Аднак незалежна ад афіцыйнай версіі, гэта падзея супала з іншымі, якія паказваюць на магчымае змяненне становішча Лаўрова.

Кіраўнік МЗС РФ таксама страціў статус кіраўніка расійскай дэлегацыі на саміце G20. Сёлета, паводле слоў прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, дэлегацыю ўзначаліў намеснік кіраўніка адміністрацыі дыктатара Максім Арэшкін, а сам Пуцін на саміт не паляцеў.

Крамль адмаўляе адстаўку Лаўрова

На фоне нарастаючых чутак рупар Крамля Пяскоў выступіў з абвяржэннем. Паводле яго слоў, паведамленні пра канфлікт паміж Пуціным і Лаўровым не адпавядаюць рэчаіснасці. Эксперты, у сваю чаргу, прапанавалі розныя інтэрпрэтацыі.

Некаторыя СМІ звязваюць адсутнасць Лаўрова з няўдалымі перамовамі, якія маглі прывесці да зрыву запланаванага саміту Пуціна з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Апошнія навіны