Піт Хегсет: Армія ЗША пераходзіць у рэжым ваеннага часу
- 9.11.2025, 1:10
Кіраўнік Пентагона параўнаў сітуацыю ў свеце з 1939 годам.
Пентагон папярэджвае пра рост глабальных выклікаў і неабходнасць узмацнення абарончага патэнцыялу. Кіраўнік ведамства Піт Хегсет параўнаў цяперашнюю абстаноўку ў свеце з 1939 годам і заклікаў абаронную прамысловасць працаваць хутчэй.
Выступаючы ў Нацыянальным ваенным каледжы ў Вашынгтоне 7 лістапада, кіраўнік Пентагона падкрэсліў, што свет увайшоў у фазу нарастаючай напружанасці, а канкурэнтныя дзяржавы ўзмацняюць свае ваенныя магчымасці, піша National Defense.
«Ворагі аб’ядноўваюцца, пагрозы растуць. Вы гэта адчуваеце, я гэта адчуваю», — сказаў чыноўнік.
Паводле слоў міністра, калі Злучаныя Штаты хочуць пазбегнуць прамога ўдзелу ў будучых канфліктах, яны павінны ўжо цяпер актыўна ўмацоўваць абараназдольнасць. Хегсет папярэдзіў, што канкурэнты ЗША паскараюць распрацоўку новых узбраенняў і ваенных тэхналогій.
«Яны дзейнічаюць імкліва. Яны ствараюць новыя магчымасці з такой хуткасцю, якая павінна ацверазіць кожнага амерыканца», — падкрэсліў кіраўнік Пентагона.
Асобна ён звярнуўся да амерыканскіх абаронных падрадчыкаў, заявіўшы, што існая сістэма закупак састарэла і перашкаджае своечасовай вытворчасці ўзбраенняў, і запатрабаваў ад ваенных кампаній паскорыць вытворчасць, піша National Defense.
Паводле слоў Хегсета, ЗША пераводзяць Пентагон і сваю прамысловасць «на ваенны рэжым».