Украіна здолела стабілізаваць сістэму энергазабеспячэння пасля маштабнай атакі РФ
- 8.11.2025, 22:57
Але адключэнняў пазбегнуць не ўдасца.
Сістэму энергазабеспячэння Украіны ўдалося часткова стабілізаваць пасля расійскіх атак у ноч на суботу, 8 лістапада, аднак цалкам адмовіцца ад адключэнняў пакуль немагчыма.
Пра гэта ў эфіры тэлемарафону заявіла міністр энергетыкі Святлана Грынчук.
Паводле яе слоў, графікі адключэнняў неабходныя для правядзення рамонтных прац і падтрымання стабільнасці энергасістэмы пасля чарговых атак РФ.
«Каб палегчыць сітуацыю, у рэгіёнах ужо разгортваюцца альтэрнатыўныя крыніцы сілкавання і малыя блочныя мадульныя катэльні», — адзначыла Грынчук.
Яна падкрэсліла, што спецыялісты працягваюць рамонт пашкоджаных аб’ектаў энергетычнай інфраструктуры, а энергетыкі працуюць кругласутачна для аднаўлення падачы электраэнергіі ва ўсіх рэгіёнах.
Уначы Расія нанесла новы масіраваны ўдар па Украіне з выкарыстаннем 45 ракет і 458 БПЛА розных тыпаў. СПА абязшкодзіла 415 мэтаў, але ёсць траплянні 26 ракет і 52 дронаў.