Літва траціць на навуку амаль у два разы больш у адносінах да ВУП, чым Беларусь
- 8.11.2025, 20:18
І гэта не адзіная праблема беларускіх навукоўцаў.
Беларусь траціць на навуку найменш грошай у параўнанні са сваімі суседзямі. Выключэнне — толькі Украіна, якая з 2022 года вядзе абарончую вайну супраць Расіі.
Такія даныя прыводзяцца ў зборніку матэрыялаў XXIV Міжнароднай канферэнцыі «Менеджмент бібліятэк ВНУ», які выйшаў сёлета. Там прааналізаваныя выдаткі на навуковыя даследаванні ў адносінах да ВУП. Гэта заўважыў канал «De facto. Беларуская навука».
Сярод краін-удзельніц ЕАЭС на навуку больш, чым Беларусь, траціць толькі Расія.
Даследчыкі адзначаюць: з упэўненасцю можна казаць пра недастатковы ўзровень фінансавання навукі, аднак гэта не з’яўляецца ні адзінай, ні галоўнай перашкодай для павелічэння публікацыйнай актыўнасці.
Варта разглядаць сукупнасць праблем: складанасці пры напісанні артыкулаў на англійскай мове; абмежаваны доступ да сучаснага навуковага абсталявання і баз даных; высокая нагрузка на выкладчыкаў; слабыя стымулы для публікацыі ў высокарэйтынгавых часопісах; цяжкасці з падборам адпаведнага часопіса для публікацыі.