Прэм'ер-міністр Літвы прыехала на мяжу з Беларуссю
- 8.11.2025, 17:26
Інга Ругінене хоча ўбачыць рэальную карціну і ацаніць сітуацыю.
Прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене 8 лістапада прыехала на літоўска-беларускую мяжу, каб праінспектаваць абстаноўку. Фатаграфіі і відэа з мяжы прэм'ер размясціла на сваёй старонцы ў Facebook.
«Сённяшняе працоўнае месца на мяжы», — напісала Ругінене.
Дарадца прэм'ер-міністра Ігнас Дабравольскас заявіў, што прэм'ер хоча ўбачыць абстаноўку на мяжы ўласнымі вачыма.
«Прэм'ер-міністр разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнай памежнай службы праінспектуе абстаноўку на літоўска-беларускай мяжы — як на зямлі, так і з паветра. Прэм'ер-міністр хоча ўбачыць рэальную карціну і ацаніць сітуацыю ўласнымі вачыма», — паведаміў Ігнас Дабравольскас, піша LRT.
Нагадаем, раніцай 8 лістапада дарадца прэм'ер-міністра Літвы паведаміў, што Беларусь адмовілася часова адкрыць памежны пункт пропуску на беларуска-літоўскай мяжы «Шальчынінкай» — з беларускага боку гэта Беняконі, каб выпусціць літоўскія грузавікі. У адказ Літва разглядае магчымасць абмежаваць перавозку беларускіх грузаў па чыгунцы.