Пуцін павышае стаўкі
- Вадзім Дзянісенка
- 8.11.2025, 13:21
Ці адрэагуе Трамп?
У найбліжэйшыя тыдні мы пачуем шмат новага пра тое, як Расія вымушаная раскрываць свой ядзерны арсенал, каб не дапусціць ядзернай вайны.
Пасяджэнне Савета бяспекі Расіі, якое павінна было быць прысвечана бяспецы на транспарце, пачалося з «раяля ў кустах». Спікер Дзярждумы Валодзін спытаў у Пуціна, як рэагаваць на заявы Трампа пра ядзерныя выпрабаванні. Пуцін даў слова міністру абароны Белаўсаву, а той адразу ж зачытаў (!) даклад пра тое, як амерыканцы рыхтуюцца да ядзернай вайны, што і колькі яны мадэрнізуюць, якія ракеты паляцяць з Германіі на Расію і Кітай і г.д. І ў выніку сказаў, што трэба «раскансерваваць палігон на Новай Зямлі» і праводзіць ядзерныя выпрабаванні. Пуцін падтрымаў, а праз гадзіну Пяскоў заявіў, што Пуцін даручыў толькі разгледзець такую магчымасць.
Што маем у сухім астатку?
Гэта зусім не гонка ўзбраенняў, як многія ўжо пачалі казаць. Расія не можа сабе гэтага дазволіць. Паралельна з заявамі Пуціна, дарэчы, пускавую пляцоўку для ракеты «Ангара» абясточылі з-за запазычанасцяў за электраэнергію. Гэта ўсё, што трэба разумець пра «гонку ўзбраенняў».
Пуцін проста вырашыў падняць стаўкі па ядзерцы. Гэта ўсё вельмі камічна, але ён, відаць, вырашыў зрабіць выгляд, што пакрыўдзіўся на ядзерны шантаж Трампа, і цяпер ён грае галоўнага вар’ята ў свеце, да якога павінны прыйсці амерыканцы і кітайцы, каб упрошваць не накручваць сітуацыю... Паўтаруся — гэта вельмі камічна.
Цяпер, здаецца, усе расійскія і не толькі «кансервы» пачнуць ціснуць унутры ЗША на пацыфізм і на тое, што Трамп можа пачаць ядзерную вайну. Ідэальны для Пуціна выхад з сітуацыі — прымусіць ЗША сесці за стол перамоў. Праграма-мінімум — прывесці да хаатызацыі ўнутранай палітыкі ЗША на фоне выбарчай кампаніі. Насамрэч, думаю, нічога не атрымаецца.
Як і заўсёды апошнія гады, Пуцін палягчае жыццё Кітаю, які атрымае сваю выгаду з гэтага ядзернага блефу.
Мы ўсе проста павінны разумець: не выключана, што ў бліжэйшыя тыдні (месяцы) мы будзем жыць у пераднаядзернай істэрыі. Але паўтару тое, што заўсёды казаў: Пуцін — баязлівец. Ён ніколі не націсне чырвоную кнопку. Таму проста трэба запасціся цярпеннем.
Вадзім Дзянісенка, «Фэйсбук»