Прэзідэнт Кеніі папрасіў Зяленскага вызваліць палонных наёмнікаў
- 8.11.2025, 12:59
Вербоўку Расіяй грамадзян Кеніі Руто назваў «авантурай».
Прэзідэнт Кеніі Уільям Руто правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і папрасіў яго спрыяць вызваленню кенійцаў, якія трапілі ў палон. Вербоўку Расіяй грамадзян Кеніі Руто назваў «авантурай».
«Мы выказалі занепакоенасць адносна маладых кенійцаў, якіх незаконна завербавалі для ўдзелу ў вайне ва Украіне, і дамовіліся павышаць інфармаванасць пра небяспеку такіх авантур. Я звярнуўся да прэзідэнта Зяленскага з просьбай паспрыяць вызваленню кенійцаў, якія знаходзяцца пад вартай ва Украіне. Я ўдзячны... за тое, што ён задаволіў маю просьбу», — напісаў Руто ў сацсетцы X.
Размова прэзідэнтаў адбылася 6 лістапада. У прэс-службе прэзідэнта Украіны напярэдадні паведамілі, што Зяленскі і Руто абмеркавалі вербоўку замежных грамадзян з боку Расіі для ўдзелу ў вайне.
«Украіна і Кенія ведаюць пра ўсе ашуканскія метады і будуць больш цесна супрацоўнічаць, каб спыніць гэта», — адзначылі ў Офісе прэзідэнта Украіны.