У Літве заклікаюць націснуць на Лукашэнку праз ЗША
- 8.11.2025, 12:09
Вільнюс можа звярнуцца па дапамогу да Вашынгтона.
З-за закрытай мяжы з Беларуссю ў гэтай краіне апынуліся заблакаванымі грузавікі літоўскіх перавозчыкаў. Лідар апазіцыйных кансерватараў Лаўрынас Кашчюнас заклікае ўрад звярнуцца па дапамогу да Злучаных Штатаў Амерыкі, паведамляе LRT.
Паводле яго слоў, Вашынгтон і Мінск апошнім часам спрабуюць нармалізаваць адносіны, і гэта магло б прынесці карысць і Літве.
«Нам трэба зрабіць усё магчымае, каб гэты, так бы мовіць, працэс пацяплення адносінаў — можа, я кажу крыху гучна, — але спробу адкрыць новую старонку паміж Амерыкай і Беларуссю мы, як дзяржава, выкарысталі ў сваіх нацыянальных інтарэсах. Што гэта значыць? Перш за ўсё — вярнуць грузавікі, па-другое — спыніць паветраныя шары», — заявіў парламентар у пятніцу ў эфіры Žinių radijas.
«Амерыканцы маюць неабходныя рычагі ўплыву, маюць дастаткова ўлады і, безумоўна, дыпламатычныя магчымасці для перамоваў. Гэта і ёсць задача нашай дыпламатыі», — дадаў ён.
Нагадаем, Літва закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада з-за залёту метэазондаў з Беларусі, якія перашкаджалі працы аэрапортаў. Пункт пропуску «Шальчынінкай» цалкам не працуе, праз «Мядзінінкай» могуць вярнуцца пэўныя катэгорыі асоб, у тым ліку ўладальнікі літоўскіх дазволаў на жыхарства.