CNN: У Маскве гавораць пра адстаўку Лаўрова
- 8.11.2025, 11:29
Кіраўнік МЗС РФ апынуўся ў няміласці.
Адсутнасць міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова на пасяджэнні Рады бяспекі РФ выклікала хвалю панікі і плётак у Маскве — настолькі моцную, што Крамлю давялося публічна пракаментаваць сітуацыю, піша CNN.
Прэс-сакратар дыктатара Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў у пятніцу запэўніў журналістаў, што Лаўроў «вядома, працягвае займаць пасаду міністра замежных спраў» і назваў паведамленні пра магчымую адстаўку «непраўдзівымі».
Прычынай чутак стала прыкметная адсутнасць галоўнага дыпламата на пасяджэнні Рады бяспекі ў сераду, калі Пуцін абмяркоўваў перспектыву аднаўлення поўнамаштабных ядзерных выпрабаванняў. Паводле дадзеных прапагандысцкіх СМІ, Лаўроў «адсутнічаў па дамоўленасці», але менавіта гэты факт прыцягнуў увагу назіральнікаў, бо ён стаў адзіным пастаянным членам Рады, які прапусціў пасяджэнне.
Падазрэнні ўзмацніліся пасля таго, як высветлілася: Лаўроў не ўзначаліць расійскую дэлегацыю на саміце G20 у Ёганэсбургу. Замест яго Пуцін даручыў прадстаўляць Расію малодшаму чыноўніку — намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіму Арэшкіну.
Аналітыкі адразу загаварылі пра магчымыя разыходжанні паміж Лаўровым і Крамлём — асабліва пасля правалу спробы арганізаваць сустрэчу паміж Пуціным і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Будапешце. Лаўроў быў адным з галоўных перамоўшчыкаў у гэтым працэсе, але пасля яго размовы з дзяржаўным сакратаром ЗША Маркам Рубіо саміт быў замарожаны.