Што стаіць за словамі Лукашэнкі пра паветра
- 8.11.2025, 14:47
Беларускія лясы пусцяць пад сякеру?
Экспарт беларускіх тавараў рэкордна абваліўся ў верасні. І паколькі беларускія трактары і камбайны не прадаюцца, беларускія ўлады прыдумалі іншы бізнес-план.
Навошта Лукашэнка хоча сапсаваць паветра — у новым выпуску праграмы «Аптымум» на YouTube-канале «Беларусы і рынак».
За верасень падзенне беларускага экспарту склала 6%, калі лічыць за дзевяць месяцаў — амаль 3%. Гандлёвы дэфіцыт склаў 741 млн долараў. Таму верасень стаў самым чорным месяцам для беларускага знешняга гандлю ў гэтым годзе. Па крайняй меры, пакуль не палічылі, як Беларусь гандлявала ў кастрычніку.
Але не трэба перажываць. У Аляксандра Лукашэнкі ёсць план. Калі трактары не прадаюцца, значыць, мы ў Еўропу будзем прадаваць паветра.
«Якога чорта мы гэтых еўрапейцаў аздараўляем. Вось тое, што ў нас у Беларусі… Такая тэрыторыя. Балоты, лясы. А гэта што? Кісларод. Каму мы гэта дарым? Гэтым смярдзючым, груба кажучы, еўрапейцам, якія душаць нас кожны дзень… Ацэняць, што такое Беларусь. І плаціць будуць нам за тое, што мы збераглі ўсё гэта».
Гандаль паветрам — гэта ідэальны бізнес-план з пункту гледжання беларускіх уладаў. Тое, што цалкам адпавядае разуменню Аляксандрам Лукашэнкам эканамічных тэорый і практык. Нават лепш за калійныя ўгнаенні. Бо калійныя ўгнаенні пакупніку яшчэ давязі з усімі гэтымі лагістычнымі складанасцямі, а паветра можна прадаваць на ўмовах аўтадастаўкі.
Але ў кожнага, нават ідэальнага, бізнес-плана ёсць свае недахопы. У плана гандляваць паветрам — два. Па-першае, Літва закрыла апошнія памежныя пераходы. А як ты будзеш прадаваць паветра з закрытымі памежнымі пераходамі.
А па-другое, Еўропа імкнецца карыстацца нашым паветрам зусім бясплатна, а ружа вятроў працуе як такі агент калектыўнага Захаду.
«У ЕС усяго гэтага практычна няма, а вецер усё гэта дабро ў выглядзе чыстага паветра зносіць туды», — паскардзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Праўда, ёсць рызыка, што калі Лукашэнка возьмецца за манетызацыю паветра, з паветрам можа здарыцца тое самае, што здарылася з бульбай. Чыстае паветра можа аказацца ў дэфіцыце.
І, дарэчы, пра дэфіцыт чыстага паветра — гэта зусім не жарт. Бо Лукашэнка не проста так разважаў пра тое, што трэба перастаць аздараўляць Еўропу кіслародам ад беларускіх лясоў. У яго насамрэч ёсць бізнес-план, як сапсаваць паветра ў Беларусі. Магчыма, не ва ўсёй Беларусі адразу. Гэта ўсё патрабуе вялікіх высілкаў і дадатковых фінансавых укладанняў. Але як мінімум пачаць з Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Падчас наведвання запаведніка Аляксандр Лукашэнка шмат казаў пра тое, што трэба менш абараняць прыроду, маці нашу. Бо ад аховы прыроды беларускім уладам няма ніякай карысці.
«Такім чынам вы корміце і аздараўляеце ўсё, што вакол. Еўропу. А нам трэба бясплатна іх аздараўляць? Не трэба. Давайце для сваіх людзей рабіць. Каб і я, і ён, і ты таксама, і твае дзеці маглі ад гэтага нешта ўзяць. Трошкі спажывецка гучыць, але хочацца, каб нашы людзі ад гэтага нешта мелі», — сказаў Лукашэнка.
То-бок ахова прыроды перашкаджае ўладам манетызаваць беларускія прыродныя багацці. Зарабляць нармальныя, вялікія грошы. І Лукашэнка сказаў, што трэба ад беларускай прыроды ўзяць усё, што можна, тут і цяпер.
«Мы павінны працаваць для сябе. Нават, як ты кажаш, там, дзе забаронена. Карыстацца трэба ўсімі запаведнымі месцамі ў імя людзей».
І мы нават ведаем імёны гэтых людзей. І на самой справе ў Лукашэнкі ўжо ёсць канкрэтны план асваення, прынамсі, Бярэзінскага запаведніка.
«80 працэнтаў у вас запаведнік, а на 20 працэнтах можна нарыхтоўваць лес», — сказаў ён.
Месяц таму Лукашэнка падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні з Аманам, паводле якога Аман можа інвеставаць 1,4 млрд долараў у беларускую дрэваапрацоўку. Падчас наведвання запаведніка Лукашэнка ўспомніў пра гэтую здзелку.
«Яны будуць інвеставаць, укладваць грошы — калі ласка. Давайце разам перапрацоўваць гэтую драўніну, якую часам мы не можам перапрацаваць», — сказаў ён.
То-бок, з аднаго боку, мы бачым амаль 1,5 млрд долараў, а з другога — запаведны беларускі лес, які можна за гэтыя 1,5 млрд долараў асвоіць разам з арабскімі шэйхамі. І для беларускіх уладаў выбар, вядома, відавочны. Зразумела, што мільярды долараў ім даражэйшыя, чым нейкія там запаведныя лясы і чыстае паветра, якое пры сучасным стане тэхналогій усё адно не атрымліваецца манетызаваць.
Візіт Лукашэнкі ў Бярэзінскі запаведнік быў проста часткай перадпродажнай падрыхтоўкі. Каб паглядзець на месцы, ці не занізіў ён цану. Бо грошы беларускім уладам патрэбныя, а грошы, як вядома, не пахнуць. Паветра потым, можа, і пачне пахнуць, але з гэтым будуць разбірацца ўжо наступныя пакаленні.