Казахстан закупіць электрасамалёты для запуску аэратаксі
- 7.11.2025, 19:27
На $300 млн.
Казахстан закупіць электрасамалёты eVTOL на суму амаль $300 млн для стварэння сістэмы аэратаксі ў новым горадзе Алатау. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства лічбавага развіцця краіны.
«Дадзеная мера паўплывае на развіццё горада Алатау як унікальнага горада з перадавымі тэхналогіямі будучыні», — гаворыцца ў паведамленні.
Самалёты eVTOL маюць важную асаблівасць — яны прызямляюцца і ўзлятаюць вертыкальна. Гэтую здольнасць плануецца выкарыстоўваць для ўнутрыгарадскіх пасажырскіх перавозак.
Дамову аб пастаўцы такіх самалётаў казахстанскае міністэрства падпісала з амерыканскай кампаніяй Joby Aviation.
Алатау — новы горад у Алмацінскай вобласці, утвораны ў 2024 годзе шляхам аб’яднання некалькіх вёсак.