Расія за кастрычнік страціла найбольш салдат з пачатку вайны
- 7.11.2025, 18:16
ЗСУ ўдалося гэтага дасягнуць дзякуючы павелічэнню выкарыстання беспілотнікаў на фронце.
Расійскія войскі ў кастрычніку панеслі найбольшыя страты з пачатку вайны супраць Украіны. Байцы Сіл абароны Украіны за месяц ліквідавалі больш за 25 тысяч акупантаў.
Як перадае РБК-Украіна, пра гэта на брыфінгу заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Кіраўнік украінскай дзяржавы звярнуў увагу, што такая вялікая колькасць расійскіх страт пацверджана відэаматэрыяламі.
- Тут дакладная лічба, бо ўсё гэта з відэапацвярджэннем. Гэта самая вялікая колькасць страт Расіі з пачатку поўнамаштабнай вайны за адзін месяц, - дадаў ён.
Зяленскі нагадаў, што ва Украіне дзейнічаюць унутраныя праграмы, дзе за ліквідацыю ворага з відэапацвярджэннем прадугледжаны дадатковыя балы.
Ён таксама ўдакладніў, што агульныя страты расіян за кастрычнік могуць складаць 27–28 тысяч - дзве-тры тысячы яшчэ не былі пацверджаныя. Паводле яго слоў, такога выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы павелічэнню выкарыстання беспілотнікаў на фронце.