Кітайскі экспарт у РФ рэкордна абваліўся
- 7.11.2025, 15:16
Санкцыі б’юць па гандлі.
Экспарт Кітая ў Расію ў кастрычніку рэзка скараціўся, паказаўшы найбольшае падзенне за апошнія восем месяцаў. На гандаль усё мацней ціснуць заходнія санкцыі, лагістычныя збоі і зніжэнне попыту, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Reuters.
Імпарт расійскіх тавараў у Кітай у кастрычніку вырас толькі на 2,5%, што таксама з’яўляецца запаволеннем у параўнанні з вераснёўскімі 3,8%. У цэлым, за першыя дзесяць месяцаў 2025 года экспарт Кітая ў Расію знізіўся на 11,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Кітайская мытная адміністрацыя гэтым разам не апублікавала падрабязнай разбіўкі па катэгорыях тавараў, якія найбольш праселі.
Агульны экспарт Кітая ў доларах у кастрычніку таксама нечакана зменшыўся пасля некалькіх месяцаў актыўных паставак, ажыццёўленых напярэдадні павышэння тарыфаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Тэмпы гандлю паміж Кітаем і Расіяй істотна запаволіліся пасля рэкордных паказчыкаў 2024 года, нягледзячы на намаганні абедзвюх урадаў абараніць эканамічнае ўзаемадзеянне ад заходняга ціску.
Пекін сутыкаецца з новымі тарыфамі ЗША і абмежаваннямі на тэхналагічны імпарт, тады як Масква — з усё больш жорсткімі санкцыямі праз вайну супраць Украіны.
Кітайскія дзяржаўныя энергетычныя кампаніі ўжо прыпынілі закупкі расійскай нафты, што транспартуецца морам, пасля таго як ЗША ўвялі санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла».
На гэтым фоне прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін наведаў Кітай для перамоў з прэм’ерам Лі Цянам і лідарам КНР Сі Цзіньпінам.
Бакі заявілі пра гатоўнасць сумесна супрацьдзейнічаць аднабаковым санкцыям Захаду і развіваць супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі і гандлю.