Лукашысты заварылі «кашу з украдзенай сякеры»
- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 7.11.2025, 13:11
Копія аказалася даражэй за арыгінал.
Больш за год МТЗ і «Гарызонт» займаюцца вытворчасцю айчыннай сякеры. Ну як айчыннай — украдзенай, калі называць рэчы сваімі імёнамі.
І праз гэты год з лішкам у нас ёсць магчымасць параўнаць беларускую сякеру па цане з замежнымі аналагамі. Што і зрабіла «Зеркало». І так выйшла, што гэтае параўнанне зусім не на карысць прадукту айчынных вытворцаў.
Высветлілася, што сякеры вытворчасці МТЗ і «Гарызонт» параўнальныя па цане з прадукцыяй папулярных заходніх брэндаў, а ў некаторых выпадках пераўзыходзяць па кошце асобныя імпартныя аналагі.
На МТЗ сцвярджаюць, што сабекошт іх прадукцыі знізіцца, калі прадпрыемства запусціць поўны цыкл вытворчасці. Але ў гэта верыцца з цяжкасцю, бо ў маі мінулага года іх сякеры каштавалі ў 1,4 раза танней.
Выйшла, як у вядомым выслоўі: хацелі як лепш, а атрымалася — як заўсёды. Ці варта было заварваць усю гэтую кашу з уласнай сякеры на ўгодку прыстарэлому дровасеку №1, калі па факце танней купіць арыгінал, чым яго ўкрадзеную копію?
У нашых рэаліях у дзеяннях чыноўнікаў логіка ёсць, хоць спадабаецца яна далёка не кожнаму. Практыка паказвае, як і ў выпадку з іншымі прыкладамі імпартазамяшчэння, што заўсёды можна знайсці пакупніка «айчыннай прадукцыі».
Як было, напрыклад, з аўтамабілямі Samand, якія ў свой час «добраахвотна» куплялі дзяржаўныя арганізацыі. Наўрад ці ў лясніцтвах і іншых профільных бюджэтных арганізацыях змогуць адмовіцца ад беларускіх копій «фіскарсаў», калі хтосьці вырашыць іх ашчаслівіць айчыннай навінкай.