Трамп абмеркаваў з прэзідэнтамі краін СНД супрацоўніцтва ў здабычы карысных выкапняў
- 7.11.2025, 12:12
Былыя савецкія рэспублікі ў Азіі багатыя на рэсурсы, уключаючы ўран, медзь і золата.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў у Белым доме ў чацвер лідараў Казахстана, Кіргізстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, надаўшы галоўную ўвагу крытычна важным мінеральным рэсурсам і назваўшы прыярытэтам сваёй адміністрацыі пашырэнне і замацаванне ланцужкоў паставак для амерыканскіх вытворцаў праз новыя міждзяржаўныя пагадненні, піша moscowtimes.ru.
Былыя савецкія рэспублікі ў Азіі багатыя на рэсурсы, уключаючы ўран, медзь, золата і рэдказямельныя металы, і доўгі час знаходзіліся ў сферы ўплыву Расіі, але апошнім часам усё больш прыцягваюць увагу Кітая. Трамп назваў Цэнтральную Азію надзвычай багатым рэгіёнам, з якім Амерыка хоча ўмацаваць партнёрства.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў назваў сустрэчу пачаткам новай эры ўзаемадзеяння паміж Злучанымі Штатамі і Цэнтральнай Азіяй. Астана зрабіла сімвалічны крок, паабяцаўшы далучыцца да Пагадненняў Абрагама — шэрагу міжнародных дамоваў, накіраваных на нармалізацыю адносін мусульманскіх краін з Ізраілем.
Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў назваў Трампа «прэзідэнтам міру» і прапанаваў стварыць пастаянны сакратарыят у Цэнтральнай Азіі. Пазней таго ж вечара Трамп абвясціў, што Узбекістан плануе набываць і інвеставаць у ЗША больш за $100 мільярдаў на працягу наступнага дзесяцігоддзя.
Платформа C5+1, запушчаная ў 2015 годзе, аб'ядноўвае Злучаныя Штаты і пяць дзяржаў Цэнтральнай Азіі дзеля развіцця супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, энергетыкі і бяспекі.
МЕМАРАНДУМ ПА КРЫТЫЧНА ВАЖНЫХ МІНЕРАЛАХ
ЗША і прадстаўнікі іншых краін C5+1 таксама могуць падпісаць пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы крытычна важных карысных выкапняў.
Сярод ужо абвешчаных здзелак — пагадненне аб продажы Boeing да 37 самалётаў авіякампаніям Казахстана, Таджыкістана і Узбекістана ў сукупнасці. Акрамя таго, амерыканская кампанія Cove Capital будзе распрацоўваць радовішча вальфраму ў Казахстане пры падтрымцы ўрада.
Багатыя на мінералы і энергарэсурсы, пяць краін захоўваюць эканамічную сувязь з Расіяй, у той час як суседні Кітай пашырыў свой уплыў дзякуючы маштабным інвестыцыям у інфраструктуру і горназдабыўную прамысловасць.
Казахстан — найбуйнейшая эканоміка рэгіёна — з'яўляецца вядучым сусветным пастаўшчыком урану з доляй амаль 40% у 2024 годзе, а Узбекістан уваходзіць у першую пяцёрку.
Разам яны забяспечваюць крыху больш за палову сусветнай здабычы ўрану — жыццёва важнага рэсурсу для атамнай энергетыкі ЗША. На Расію прыпадае прыкладна 20% урану, які закупляюць ЗША.