«Беларусы проста чакаюць адпаведнага моманту»
- 7.11.2025, 22:53
Змены ў краіне могуць адбыцца раптоўна.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель прыехаў у Літву, калі беларускі дыктатар Лукашэнка вырашыў вызваліць больш за 50 палітвязняў, у тым ліку літоўцаў, у абмен на частковае зняцце санкцый з авіякампаніі «Белавія», піша найбуйнейшы літоўскі партал Delfi.lt (пераклад — сайт Charter97.org). Мужчына правёў пяць гадоў у рэжымнай турме, а цяпер дзякуе Літве за магчымасць жыць тут, але папярэджвае, што расіяне і беларускі рэжым не драмаюць.
Яўген з дзяцінства выхоўваўся ў духу супрацьстаяння рэжыму. Ён распавёў, што ўпершыню выйшаў на мітынг яшчэ ў савецкія часы — тады на акцыю пратэсту яго ўзяў бацька. У 2020 годзе яго затрымалі разам з іншымі аднадумцамі, і з таго часу ён правёў пяць гадоў у турме.
— Нядаўна было вашае інтэрв'ю, дзе вы таксама гаварылі пра закрыццё літоўска-беларускай мяжы. Праўда, афіцыйная апазіцыя ў вашай краіне крыху асцярожней ставіцца да гэтага пытання. Ці не маглі б вы патлумачыць яе пазіцыю?
— Перш за ўсё, я хацеў бы падзякаваць Літве за яе прынцыповую пазіцыю адносна Беларусі на працягу апошніх пяці гадоў. Нават знаходзячыся ў турме, я бачыў каментары ў афіцыйнай прэсе — мы не маглі чытаць нічога іншага — бачыў, колькі жоўці вылівалася на вашу краіну. Было зразумела, што нашы суседзі займаюць найбольш выразную і паслядоўную пазіцыю адносна беларускага рэжыму. Цяпер, калі я выйшаў на свабоду і прыбыў у Літву, я бачу, што літоўскі ўрад працягвае тую ж палітыку.
Вельмі добра, што літоўскія палітыкі разумеюць, што беларускі рэжым прадстаўляе пагрозу не толькі для беларусаў, але і для ўсяго рэгіёна Усходняй Еўропы, для Літвы. Палітычныя інтарэсы і нацыянальная бяспека для вас важнейшыя за гандаль, важнейшыя за дробныя, мімалётныя інтарэсы.
Апошнія правакацыі з паветранымі шарыкамі, відавочна, не былі выпадковасцю. Яны былі скаардынаваныя, гэта праверка рэакцыі літоўскага боку, і вельмі добра, што рэакцыя была хуткай, эфектыўнай і лагічнай. Можна зрабіць больш. Транзіт з Беларусі праз Літву ў Калінінград працягваецца, як і раней. Думаю, закрыццё гэтых магчымасцяў было б больш адчувальным ударам, больш адчувальным сігналам для беларускага рэжыму.
— Польшча апошнім часам прытрымлівалася некалькі іншага меркавання, на шчасце, яна яго змяніла.
— Ваша прэм’ер-міністр правяла перамовы з Дональдам Тускам, і Польшча адклала рашэнне пра адкрыццё двух пагранічных пераходаў. Раней, гадоў 10 таму, у краін, што мяжуюць з Беларуссю, не было ўзгодненай пазіцыі, і яны, напрыклад, змагаліся за транзіт у Клайпеду або Вентспілс, а цяпер мы бачым, што пазіцыя ўзгодненая, чаго раней не было.
Той факт, што Польшча адклала адкрыццё двух пагранічных пераходаў, — добры сігнал. Чым гэта будзе карысна? Любы ўрад трымаецца на грошах, і беларускі рэжым не выключэнне. Чым больш фінансавых плыняў удасца перакрыць, тым хутчэй ён рухне. Гэта ў нашых інтарэсах, у інтарэсах грамадзян Беларусі.
— Чаму ваша апазіцыя, напрыклад, кажа пра неабходнасць адкрыць транзітную зону для простых людзей?
— Для простых беларусаў Вільнюс і бліжэйшыя польскія гарады — як глыток свабоды. Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб беларусы не ездзілі за мяжу. Ён сам хоча падарожнічаць, хоча, каб яго гандаль мог працягвацца, каб ён мог зарабляць, а беларусы, на яго думку, павінны заставацца дома і працаваць.
Для грамадзян нашай краіны паездка ў Вільнюс або Варшаву — гэта добрая магчымасць параўнаць жыццё дома з жыццём у Еўропе, і гэтае параўнанне не на карысць сучаснай Беларусі.
— На працягу пяці гадоў, што мінулі пасля апошніх выбараў, мы назіраем разгул рэжыму Лукашэнкі, які выявіўся ў нападзе на Украіну з вашай тэрыторыі. А тады здавалася, што ўсё можа змяніцца. Што было зроблена не так?
— У 2020 годзе ў Беларусі было ўнікальнае паўстанне, на вуліцы выйшла велізарная колькасць людзей. Нягледзячы на гэта, мэта не была дасягнутая. У гэтым вінаваты, у тым ліку, і штаб кандыдата ў прэзідэнты.
Спачатку беларусаў заклікалі выходзіць на вуліцы толькі па нядзелях, пры тым што людзі хацелі большага. Яны хацелі пратэставаць штодня, і мы бачылі гэтую актыўнасць на месцах. Бачылі, як людзі арганізоўваюцца, бачылі падрыхтоўку да забастовак. Многім такі план здаваўся дзіўным і незразумелым. Мы пратэстуем раз на тыдзень, але чамусьці працуем у астатнія дні і фінансуем рэжым, тых сілавікоў, якія нас разганяюць па нядзелях.
Мірныя пратэсты — гэта, між іншым, і забастоўка. Мы бачылі лічбы страт, якія панеслі дзяржпрадпрыемствы, што спрабавалі баставаць у першыя дні пасля выбараў, і разумелі, што калі б была працяглая забастоўка, рэжым не здолеў бы яе вытрымаць. Проста не хапіла б грошай.
Акрамя таго, не ставала рашучых дзеянняў. У Беларусі пасля кожных прэзідэнцкіх выбараў людзі выходзілі на вуліцы. Я памятаю гісторыю 2001 года — тады былі пратэсты, вядома, не ў такіх маштабах, як у 2020-м. Тады важную ролю іграў рух «Зубр». На цэнтральнай плошчы Мінска збіралася ад пяці да дзесяці тысяч чалавек, але мы змаглі заняць будынак у цэнтры горада, над ім быў падняты бела-чырвона-белы сцяг. Гэта было сапраўды крута.
На жаль, у 2020 годзе чальцы штаба і сама Святлана Ціханоўская вельмі баяліся пратэстаў. Яна з’ехала ў Вільнюс, заклікаўшы беларусаў не выходзіць на вуліцы. Потым увесь час, пакуль ішло супрацьстаянне, пратэстную актыўнасць проста гасілі. Людзі хацелі пратэставаць, былі гатовыя да рашучых дзеянняў, яны былі гатовыя нешта рабіць, але нам адказвалі, што ўсё, што ад нас патрабуецца, — гэта хадзіць, размахваючы кветкамі і паветранымі шарыкамі.
Нам трэба было дзейнічаць рашуча, займаць будынкі, тэлебачанне — такія магчымасці былі. Гэта былі б ненасільніцкія дзеянні. Досвед Украіны, Арменіі паказваў, што любы выхад на вуліцы павінен заканчвацца хоць нейкай перамогай, нейкімі вынікамі. Іх адсутнасць, на мой погляд, была тады галоўнай памылкай.
– Беларусы больш не выйдуць на вуліцы?
– Думаю, рэвалюцыйная сітуацыя ў Беларусі захоўваецца. Так, цяпер працягваюцца сур’ёзныя рэпрэсіі. Кожны дзень — новыя арышты, новыя палітвязні, і гэта адзін з паказчыкаў таго, што Лукашэнка баіцца. Ён разумее, што дзесьці нешта можа раптам успыхнуць. Каб гэта адбылося, магчыма, дастаткова нейкага нязначнага фактару, напрыклад, паражэння Расіі дзесьці на фронце, росту цэн, нейкага канфлікту ўнутры ўрада.
Людзі, што выйшлі на вуліцы ў 2020 годзе, нікуды не зніклі. Частка, як мы ведаем, з’ехала за мяжу, але большасць застаецца ў Беларусі, іх сваякі, тыя, хто галасаваў супраць Лукашэнкі, таксама нікуды не падзеліся. Я не ў Беларусі, мне складана ацэньваць сітуацыю, але я сужу па людзях, з якімі размаўляю, нават па ахоўніках у турме. Я бачу, што стаўленне да рэжыму не змянілася. Беларусы проста чакаюць адпаведнага моманту.
- Вы правялі пяць гадоў у турме, ваша пазіцыя не змянілася, рэжым вас не зламаў.
- У складаныя моманты я думаў пра тое, што цяпер адбываецца ва Украіне. Мы сядзелі ў турме, а там людзі гінулі на фронце. Але ў нас адна мэта. Украінцы, літоўцы, палякі, усе еўрапейцы разумеюць, што агрэсію з усходу трэба спыніць.
– Вы не ўпершыню кажаце, што ваш турэмны досвед несупастаўны з тым, што перажываюць украінцы.
– Можна параўноўваць, што людзі робяць дзеля сваёй свабоды. Найбольшая ахвяра дзеля свабоды — гэта ўласнае жыццё. Мы бачым, як сваімі жыццямі ахвяруюць украінцы, беларусы, іншыя людзі, якія змагаюцца за Украіну.
– Вы кажаце, што вайна непазбежная і ў краінах ЕС, і ў Літве, калі яна працягнецца. Чаму вы так лічыце?
— Я гісторык па адукацыі і бачу гісторыю Расіі як дзяржавы, здольнай існаваць за кошт пастаяннага пашырэння. Як манголы ў свой час. Як толькі пашырэнне спыняецца, у Расіі пачынаецца крызіс, пачынаецца распад, некаторыя яе часткі аддзяляюцца, адбываюцца рэвалюцыі, перавароты, рэзкія змены. Таму Расія была і застаецца пагрозай для Еўропы. Расійская геапалітычная дактрына кажа, што, як мінімум, тэрыторыя былога Савецкага Саюза — зона расійскіх інтарэсаў. Тых, хто гэта чытаў, хто знаёмы з гісторыяй, не здзівіла, што Расія напала на Грузію або на Украіну. У гэтым сутнасць Расіі як азіяцкай імперыі, яна наўрад ці зменіцца. Краіны, што мяжуюць з ёй, павінны адэкватна рэагаваць на правакацыі, што, дзякуй богу, цяпер і адбываецца. Або Расія будзе пашырацца за кошт Украіны, Беларусі, краін Балтыі іншымі шляхамі, або яе спыняць, што непазбежна прывядзе да вялікіх перамен у Еўропе. Паражэнне Расіі, хутчэй за ўсё, прывядзе да аддзялення ад яе часткі нацыянальных рэспублік.
— Цяпер вы жывяце ў Літве, ці адчуваеце вы, што літоўцы гэта разумеюць?
— Я бачу, што вайскоўцы і палітыкі ў Літве гэта разумеюць, але таксама бачу скаргі з боку грамадзян краіны на закрыццё межаў. Спадзяюся, што гэтыя мімалётныя інтарэсы адыйдуць на другі план. Бо пытанне наступнае: сёння з Беларусі ляцяць паветраныя шарыкі, заўтра паляцяць беспілотнікі, а паслязаўтра можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Ва Украіне таксама ўсё пачалося з правакацый.
— Ці стане Беларусь незалежнай краінай, куды людзі будуць з радасцю ехаць?
— Упэўнены, што гэта адбудзецца пры нашым жыцці. Я памятаю распад Савецкага Саюза. Паралелі відавочныя: тады быў Афганістан, цяпер Украіна. У Афганістане акупацыйная армія фактычна кантралявала 90 працэнтаў тэрыторыі, але вайна працягвалася, знясільваючы сілы Савецкага Саюза, былі санкцыі, моцная пазіцыя Захаду.
Калі б хтосьці ў 1988 або 1989 годзе сказаў, што СССР распадзецца праз год, усе б пакруцілі пальцам ля скроні. Але потым былі Тбілісі і Рыга, студзень 1991 года ў Літве, рэферэндум ва Украіне. Савецкага Саюза больш няма. Здавалася б, самая вялікая, самая магутная ў ваенным дачыненні дзяржава ў свеце знікла ў імгненне вока. Тое самае адбудзецца і цяпер. Расія вядзе вайну, якая яе знясільвае. Хай рускія прасоўваюцца наперад на некалькі метраў па фронце, але яны нясуць велізарныя страты.