«У ШІ атрымаліся б значна цікавейшыя фотаздымкі»
- 7.11.2025, 10:35
Беларуска паскардзілася на фатографаў, якія робяць у садках дрэнныя і дарагія здымкі.
Мінчанка ў дэкрэце Каця абурылася, што прыватных фатографаў і далей дапускаюць у дзіцячыя сады для продажу пастановачных фотаздымкаў. На яе думку, якасць такіх фота пакідае жадаць лепшага пры завышанай цане, а дзеці перажываюць стрэс, калі іх прымушаюць пазіраваць. У TikTok, дзе жанчына выклала сваё відэа, з ёй пагадзіліся не ўсе.
— Патлумачце мне хто-небудзь, чаму яшчэ пускаюць у дзіцячы сад гэтых недафатографаў-бізнесоўцаў, каб наўвязваць людзям, бацькам, мамам сваіх любімых дзяцей вось гэта, — кажа аўтарка роліка, маючы на ўвазе зробленыя прыватнымі фатографамі і адфоташопленыя здымкі малых.
Яна лічыць, што ў гэтай сітуацыі «нічога не змянілася» з яе дзяцінства. Але падкрэслівае, што цяпер у кожнага з бацькоў ёсць смартфон з добрай камерай, а выхавальнікі і самі даволі нядрэнна здымаюць дзяцей:
— А нам прыносяць і прапануюць вось гэта — намаляваны невядома ў якой праграме цуд, ды яшчэ па кошце 20–30 рублёў за штуку.
Мінчанка лічыць, што «калі скінуцца групай, нават калі там 10 чалавек, і сабраць 300 рублёў, можна наняць класнага фатографа, каб ён зрабіў для вас жывыя рэпартажныя кадры».
Пры гэтым маладая маці адзначае, што пастановачныя здымкі выклікаюць у дзяцей стрэс:
— Надзяваць нейкі дождзянік, вось з гэтым парасонам у руках, і прасіць яго пастаяць, папасміхацца… Я ведаю свайго двухгадовага — ён ніколі ў жыцці на гэта нармальна не пагадзіўся б.
На думку жанчыны, бацькі ахвотней убачылі б на фота натуральныя моманты з жыцця сваіх дзяцей у садку — як праходзяць гульні, заняткі, нават канфлікты ці слёзы:
— Але гэты жах адфоташоплены — мне здаецца, у ШІ атрымаліся б значна цікавейшыя фотаздымкі, чым гэты кашмар.
У каментарыях частка карыстальнікаў пагадзіліся з Кацяй і папярэдзілі, што плаціць за фотасесіі дзяцей давядзецца і потым — напрыклад, у школе. Некаторыя выказвалі здагадкі, што адміністрацыя садка мае свой «працэнт» ад супрацоўніцтва з фатографам.
Але ёсць і тыя, хто лічыць, што ў падобных паслугах няма нічога дрэннага, запытаныя за здымкі цэны — цалкам апраўданыя, а дзеці самі з вялікім задавальненнем пазіруюць для пастановачных фота:
«Працую выхавальніцай у дзіцячым садку, і заўсёды фотасесіі праходзілі выдатна, вельмі атмасферна. І дзеці з ахвотай надзявалі вопратку, якую прапануюць фатографы, стрэсу ў дзяцей увогуле не бачыла. Вельмі чакаюць фатаграфій».
«Фатографы пакідаюць працэнт установе. Вось і ўсё». — «Так, гэта ўсё зразумела. Але калі ўжо просяць такія грошы, няўжо нельга супрацоўнічаць з прафесіяналамі, якія добра выканаюць работу за такую суму», — адказвае аўтарка роліка на падобныя каментары.
«У групе чалавек 15, і, можа, камусьці падабаюцца такія фатаграфіі. Заўсёды ёсць выбар — фатаграфавацца ці не. Ніхто сілай не вядзе і не прымушае купляць гэтыя фота».
«Ой, ды ладна вам. У гэтых фота таксама ёсць свой дух. Забылі, як нас так фатаграфавалі? Маё дзіця любіць гэты двіж».
«Я займаюся сюжэтнымі здымкамі 13 гадоў. Сюжэты заўсёды змяняем, рэдка паўтараюцца. Апошнія тры гады робім ажываючыя фота, гэта вельмі сучасна, а галоўнае — дзецям падабаецца».
«Я, як выхавальніца, згодная з вамі. Але калі я раблю звычайнае фота дзетак — скідваю бацькам, і ёсць столькі незадаволеных: «Ой, а чаму гэта ў маёй, а чаму ў майго гэта, чаму не паправілі або яшчэ штосьці…» Адпадае жаданне, шчыра кажу».
«Ну я пры выпісцы з радзільні заплаціла 35 долараў за фота ў электронным выглядзе. І там увогуле нічога асаблівага няма».
«У мяне якраз такое фота з парасонам дзіцяці ў садку цяпер было! Гэта жах, і надрукавана на нейкім тонкім аркушы А4, на адным тры фота — выразала сама. Я таксама ў садку спытала, у вас заўсёды гэты фатограф? Сказалі, так, замацаваны за садам, іншага не будзе».
Згодна з Кодэксам аб адукацыі, асноўная задача дзіцячых садоў — прадастаўленне адукацыйных паслуг. Фота- і відэаздымка да гэтага не адносіцца, нагадваюць у Міністэрстве адукацыі. Аднак паводле закона дзіцячы сад можа прадастаўляць і дадатковыя паслугі па ўзгадненні з мясцовымі органамі ўлады.
У Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама патлумачылі: здымка не забароненая, але патрабуе падрыхтоўкі. Па-першае, трэба атрымаць пісьмовую згоду ўсіх бацькоў на ўдзел іх дзяцей. Па-другое, для здымкі на тэрыторыі садка неабходна афіцыйна аформіць часовае карыстанне памяшканнямі, уключаючы дагавор арэнды. Усе дакументы варта падрыхтаваць загадзя.