Трамп зрабіў новую заяву пра прагрэс у дасягненні міру ва Украіне
- 7.11.2025, 8:35
Канец вайны блізкі?
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў заявіў пра значны прагрэс у пытанні завяршэння вайны ва Украіне
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на трансляцыю Белага дома.
Падчас размовы з прэсай Трамп адзначыў, што тры месяцы таму яго адміністрацыя заключыла мірнае пагадненне паміж Арменіяй і Азербайджанам. Ён падкрэсліў, што гэта адна з васьмі войнаў, якую ЗША спынілі за 8 месяцаў.
Цяпер жа Злучаныя Штаты імкнуцца скончыць вайну ва Украіне, і ў гэтым пытанні ёсць прагрэс.
«Мы імкнемся скончыць яшчэ адну (вайну — рэд.), калі гэта магчыма, паміж Расіяй і Украінай. Пакуль нам гэта не ўдалося, але, я думаю, мы значна прасунуліся», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Завяршэнне вайны ва Украіне
Учора спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф заявіў, што ў пытанні ўрэгулявання вайны ва Украіне ёсць пэўны прагрэс, дадаўшы, што гэты канфлікт «трэба вырашыць наступным» пасля Газы.
Сам Трамп днямі расказаў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін некалькі тыдняў таму звяртаўся да яго па дапамогу ў завяршэнні вайны ва Украіне. У прыватнасці, дыктатар нібыта расказаў, што спрабуе скончыць вайну ўжо 10 гадоў, але ў яго гэта не атрымліваецца.
Таксама варта адзначыць, што нядаўна Трамп сказаў, што вайну ва Украіне можна скончыць у кароткія тэрміны. На пытанне пра «пару месяцаў» ён адказаў сцвярджальна.
Дадамо, што дзеючы прэзідэнт ЗША ўжо неаднаразова казаў, што вайна паміж РФ і Украінай будзе дзявятай, якую ён зможа ўрэгуляваць.