ФІФА назвала 11 прэтэндэнтаў на прыз найлепшаму гульцу года
- 6.11.2025, 22:38
У спіс увайшлі чатыры гульцы ПСЖ і тры футбалісты «Барселоны».
Міжнародная федэрацыя футболу (ФІФА) апублікавала спіс з 11 прэтэндэнтаў на прыз найлепшаму гульцу 2025 года.
У лік прэтэндэнтаў увайшлі чатыры пераможцы Лігі чэмпіёнаў у складзе ПСЖ: уладальнік «Залатога мяча» Усман Дэмбеле, Ашраф Хакімі, Нуну Мендеш і Віцінья.
Таксама сярод кандыдатаў Гары Кейн («Баварыя»), Кіліян Мбапэ («Рэал»), Коул Палмер («Чэлсі»), Махамед Салах («Ліверпуль»), Педры, Рафінья і Ламін Ямал (усе — «Барселона»).
Летась узнагароду атрымаў бразільскі форвард «Рэала» Вінісіус Жуніёр.
Сёлета Дэмбеле, Хакімі, Мендеш, Віцінья, Мбапэ, Палмер, Педры і Ямал таксама прэтэндуюць на прыз найлепшаму футбалісту паводле версіі FIFPro.