SpaceX запусціць на арбіту першы польскі разведвальны спадарожнік
- 6.11.2025, 22:06
Запуск адбудзецца 10 лістапада.
Першы польскі разведвальны спадарожнік запусцяць у космас 10 лістапада, паведаміў журналіст тэлеканала Polsat News Міхал Стэла. Паводле ягоных звестак, спадарожнік выведзе на арбіту кампанія амерыканскага мільярдэра Ілона Маска SpaceX.
Спадарожнік Польшчы паставіць фінская кампанія ICEYE. Краіна заключыла з ёй кантракт на €200 млн у сярэдзіне мая. Паводле яго, на працягу года кампанія паставіць Польшчы тры касмічныя апараты, абсталяваныя SAR — радаром, які дазваляе здымаць паверхню Зямлі ў высокім раздзяленні нават пры моцнай воблачнасці.
«Гэта будзе спадарожнік @iceye_global @rmodrzewski (акаўнты фінскай кампаніі і яе сузаснавальніка Рафала Моджэўскага ў сацсетцы X. — Заўв.), пабудаваны ў рэкордныя тэрміны. Паводле маіх звестак, першы сеанс сувязі з Польшчай запланаваны на 11 лістапада», — напісаў Стэла ў сацсетцы X. Журналіст паведаміў, што касмічным апаратам будзе кіраваць армія Польшчы з наземнага пункта.
Дагавор паміж Польшчай і ICEYE таксама прадугледжвае магчымую пастаўку яшчэ трох спадарожнікаў. У прэс-рэлізе кампаніі адзначаецца, што спадарожнікі будуць перадаваць інфармацыю Узброеным сілам Польшчы.
Паводле звестак газеты Financial Times, у 2022 годзе ICEYE надала ўкраінскай арміі доступ да сваіх спадарожнікавых здымкаў. Гэта дазволіла ЗСУ адсочваць перамяшчэнні расійскіх войскаў. Кампанія таксама супрацоўнічае з Сітуацыйным цэнтрам НАТА.