Лукашэнку патрэбная дарога, «каб выйсці да Чорнага мора»
- 6.11.2025, 21:31
З улікам акупаваных РФ рэгіёнаў Украіны.
Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада наведаў Мазырскі раён, адкрыў мост праз Прыпяць. Там ён казаў пра тое, што Беларусі патрэбная дарога, «каб выйсці да Чорнага мора», паведаміў дзяржтэлеканал СТВ.
Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўвалася рэканструкцыя 86 кіламетраў трасы М-10 (мяжа Расіі — Гомель — Кобрын) на ўчастку ад Рэчыцы да Калінкавіч. Палітык разважаў пра тое, што будзе, «калі на ўсходзе будзем будаваць атамную станцыю», а потым згадаў «усходнія рэгіёны».
«Перш за ўсё шукайце рэсурсы ў сябе. Чаго не знойдзеце — тады да мяне. Але гэтую дарогу трэба прывесці ў парадак. Пакуль яна нам не патрэбна, навошта будаваць чатырохпалосную дарогу, калі яна не будзе загружаная? Але да Мазыра яна павінна быць такая, як з Мінска да Гомеля. Вядома, гэта дарога нам патрэбная, каб выйсці да Чорнага мора. Але з улікам усходніх рэгіёнаў [Украіны], якія цяпер расійскія, магчыма, яна і будзе запатрабаваная», — сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым там жа, на Мазыршчыне, Лукашэнка заяўляў на адкрытым мосце праз Прыпяць, што ў Беларусі «злучаюць берагі» ў тым ліку і для ўкраінцаў:
«Мы адкрыты — калі ласка, прыязджайце, украінцы. Мы з задавальненнем вас прымем. Вашым сем’ям, вашым дзеткам забяспечым такое жыццё, як беларусам — у плане адукацыі, аховы здароўя».