Барысаўчанін выкінуў у смецце 33 тысячы рублёў
- 6.11.2025, 18:52
Як так атрымалася.
У Мінску затрымалі 34-гадовага жыхара Барысава, які аказаўся ўцягнуты ў махлярскую схему, працуючы пад выглядам кур’ера. Паводле дадзеных міліцыі, мужчына забраў у пажылой жанчыны больш за 33 тысячы рублёў і перадаў грошы ў тайнік для наступнага ўдзельніка ланцужка.
Як высветлілася, сам затрыманы незадоўга да гэтага стаў ахвярай падману. Яму патэлефанавалі махляры, прадставіўшыся супрацоўнікамі «Водаканала», і пад выглядам праверкі папрасілі пацвердзіць персанальныя даныя, уключна з СМС-кодам. Пазней прагучаў яшчэ адзін званок — ужо з пагрозамі крымінальнай адказнасці. Спалохаўшыся, мужчына паверыў зламыснікам і згадзіўся выконваць іх указанні.
Паводле інструкцый ашуканцаў ён прыбыў у Мінск, дзе ў адной з кватэр на вуліцы Гвардзейскай сустрэўся з пенсіянеркай. Назваўшы ёй загадзя падрыхтаванае кодавае слова, ён забраў пакет з грашыма. Жанчына таксама была ўведзеная ў зман — яна была ўпэўненая, што «дэкларуе» свае зберажэнні.
Атрыманыя грошы кур’ер пакінуў у смеццевым кантэйнеры на дзіцячай пляцоўцы, пасля чаго сувязь з арганізатарамі схемы перарвалася.
Па факце махлярства распачата крымінальная справа. Праваахоўнікі ўсталёўваюць астатніх удзельнікаў злачыннай групы.