Дворнікаў у Ельску замянілі школьнікамі
- 6.11.2025, 15:24
Ноу-хау раённых чыноўнікаў.
Газета Ельскага райвыканкама паведаміла, што ў раённым ЖКГ замест дворнікаў працуюць студатрады. Праўда, высветлілася, што ў іх складзе — не студэнты, а дзеці: вучні мясцовых школ, піша «Флагшток».
Як паведаміла газета 5 лістапада, «студэнцкі экалагічны атрад працягвае займацца прыбіраннем лісця і падтрыманнем чысціні гарадскіх тэрыторый», школьнікі працуюць у КЖЭУП «Ельскае» падчас восеньскіх канікул — іх накіравалі на прыбіранне вуліц.
Газета ўдакладніла, што ў складзе атрада — 20 школьнікаў з Ельска, і гэта ўжо чацвёрты «студэнцкі атрад» за 2025 год, які працуе на дадзеным прадпрыемстве.
Раней выданне пісала, што ўсяго ў студатрады КЖЭУП «Ельскае» было прынята 81 чалавек — відаць, імі вырашылі пакрыць недахоп работнікаў. Замест іх бясплатна працуюць і мясцовыя жыхары: у райцэнтры было абвешчана, што пятніца — гэта «паркава-гаспадарчы дзень», таму работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый штотыдня па пятніцах выводзяць на прыбіранне вуліц і добраўпарадкаванне горада».
Інтрыга ў тым, якую зарплату плацяць школьнікам, — гэта паспрабаваў высветліць «Флагшток». На званок з пытаннем пра зарплату ўдзельнікам «студатрада» ў КЖЭУП «Ельскае» здзівіліся і накіравалі ў БРСМ, які фармуе атрады. Аднак там на працягу двух дзён трубку ніхто так і не падняў.
Магчыма, разгадка крыецца ў допісе ў Інстаграм Ельскай арганізацыі БРСМ на гэтую тэму, дзе выказалі «падзяку хлопцам і дзяўчатам за іх неабыякавасць і актыўны ўдзел у жыцці горада». Верагодна, гэта і ўся ўзнагарода за працу.