Паўстанцы правялі маштабную дыверсію ў РФ: згарэлі дзесяткі лакаматываў
- 6.11.2025, 22:24
Украінская разведка раскрыла падрабязнасці.
Рух супраціву «Свабода Расіі» правёў серыю дыверсій на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара, знішчыўшы дзесяткі лакаматываў, якія выкарыстоўваліся для перавозкі ўзбраення і боепрыпасаў у вайне супраць Украіны.
Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны.
Рух супраціву крэмлёўскаму рэжыму «Свабода Расіі» правёў серыю паспяховых аперацый супраць лагістычнай інфраструктуры праціўніка.
«Паўстанцы «Свабоды Расіі» актыўна дзейнічаюць з пачатку поўнамаштабнай вайны і цяпер з'яўляюцца адным з найбольш буйных і самых эфектыўных рухаў супраціву на тэрыторыі РФ», — адзначылі ў ГУР.
Паводле дадзеных разведкі, мэтай удараў сталі лакаматывы, якія маскавіты выкарыстоўваюць для паставак узбраення, боепрыпасаў і тэхнікі ў ходзе баявых дзеянняў супраць Украіны.
«Запальныя кактэйлі партызан спапялілі сістэмы кіравання і электразабеспячэння дзясяткаў машын, якія забяспечвалі перавозкі ваенных грузаў. Удары істотна запаволілі перамяшчэнне варожых рэсурсаў і паўплывалі на стабільнасць забеспячэння падраздзяленняў арміі РФ на фронце», — дадалі ў ГУР.