Польскую сістэму плацяжоў BLIK атакавалі боты з Беларусі
- 6.11.2025, 11:42
Збоі былі зафіксаваныя 1 і 3 лістапада.
DDoS-атакі, якія прывялі да збою польскай сістэмы плацяжоў BLIK 1 і 3 лістапада, праводзіліся з тэрыторыі Расіі і Беларусі. Пра гэта ў эфіры партала Wp.pl заявіў міністр лічбавізацыі Кшыштаф Гаўкоўскі.
«Мы можам сказаць, што ўсе сляды, якія паказваюць, адкуль ішлі атакі ботаў, што хацелі заблакаваць сеткавы трафік, паходзяць з Расіі і Беларусі», — сказаў ён.
Міністр распавёў, што штодня ў польскай кіберпрасторы адбываюцца «сотні і нават тысячы» небяспечных інцыдэнтаў. Паводле яго слоў, Польшчы ўдаецца папярэдзіць 99% кібератак.
«Кіберпрастора стала полем гібрыднай вайны», — дадаў Кшыштаф Гаўкоўскі.
Збоі ў сістэме плацяжоў BLIK у Польшчы былі зафіксаваныя 1 і 3 лістапада. Падчас другога збою карыстальнікі паведамлялі, што коды генеруюцца, сродкі спісваюцца, але плацяжы не даходзяць да атрымальнікаў.