ISW: ЗСУ прасунуліся на Пакроўскім накірунку
- 6.11.2025, 9:07
Амерыканскія аналітыкі зафіксавалі поспех украінскіх войскаў.
Украінскія сілы дасягнулі тактычных поспехаў у раёне Добрапілля на Пакроўскім накірунку ў Данецкай вобласці. Праўда, у раёне самога горада расіяне прасоўваюцца.
Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Аналітыкі спасылаюцца на геалакацыйныя відэазапісы, якія сведчаць, што ЗСУ прасунуліся на паўночны ўсход і паўднёвы ўсход ад Шахова, то бок на ўсход ад Добрапілля. Украінскія падраздзяленні таксама ўтрымліваюць пазіцыі на ўсход ад Шахова, у зоне, дзе раней расійскія крыніцы заяўлялі пра прысутнасць сваіх войскаў.
У той жа час ISW адзначае, што ў раёне Пакроўска расійскія войскі маюць пэўныя лакальныя поспехі. На апублікаваных 5 лістапада відэа бачна, як акупанты прасунуліся ў заходняй частцы Родзінскага, на поўнач ад Пакроўска. Расійскія ваенныя блогеры таксама заяўляюць пра прасоўванне ў паўночна-ўсходняй частцы Пакроўска, а таксама каля Грышына і Сухецкага.