КДК прызнаў, што супраць Лукашэнкі пачаўся сабатаж
- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 6.11.2025, 13:54
Ненавісць чыноўнікаў на месцах да дыктатара нарастае.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімоў адрапартаваў аб ходзе выканання «найжорсткага даручэння» кіраўніка «навісці парадак да 7 лістапада».
Верагодна, гаворка ідзе пра распараджэнне, зробленае па выніках нарады ў Віцебску, на якой Лукашэнка пагражаў чыноўнікам турмой за падзеж жывёлы і падзенне вытворчасці:
— Пасля сённяшняй сустрэчы старшыні райвыканкамаў паклікалі галоўных спецыялістаў і кіраўнікоў, данеслі ім гэтую найжорсткую размову. Далі ім тэрмін да 7 лістапада — у вас больш няма — навесці жалезны парадак у гаспадарках. Яны — кіраўнікі і спецыялісты — хай збяруць там механізатараў, даярак і іншых.
За два дні да цэйтноту Герасімоў далажыў кіраўніку пра прамежкавыя вынікі кантролю з боку яго ведамства. І нешта падказвае, што падставаў для чарговага прыступу нянавісці да чыноўнікаў у Лукашэнкі стане яшчэ больш.
Паводле слоў кіраўніка КДК, хоць «задзейнічаны раённыя арганізацыі — дарожнікі, леснікі, саюз моладзі, настаўнікі і іншыя», кантралёры вымушаныя прызнаць, што «ў асноўным робяцца працы знешняга характару — фарбаванне, пабелка, вываз арганікі, прыборка смецця».
Іншымі словамі — старая-дабрая паказуха для адводзінаў вачэй. Пры тым, што Лукашэнка, заслухаўшы «прамежкавы» даклад, запатрабаваў звярнуць увагу і на праблемы «больш глабальнага характару», па якіх даваліся даручэнні.
А гэта і пытанні нарыхтоўкі кармоў, і ветэрынарыі, і ўзнаўлення пагалоўя, і падзежу жывёлы. Але тут, як адзначыў галоўны кантралёр, пакуль і конь не валяўся: «Вось тут пакуль мы нейкага сур’ёзнага зруху не бачым».
І гэта не дзіўна. Падобныя найжорсткія ўказанні навесці «жалезны парадак» усюды і ва ўсім мы чуем ужо які год. Але воз і цяпер там. І пастаў у строй хоць настаўнікаў, хоць медыкаў або Качанаву з Пяткевіч, нічога не дапаможа.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»