Польшча будзе пастаўляць Славакіі амерыканскі газ
- 5.11.2025, 21:06
Замест расійскага.
Польшча збіраецца пастаўляць у Славакію амерыканскі газ, які павінен замяніць энергарэсурсы Расіі.
Пра гэта заявілі прэзідэнты Славакіі і Польшчы Петер Пелегрыні і Кароль Навроцкі.
Прэзідэнт Славакіі падкрэсліў, што яго краіна знаходзіцца пад ціскам, каб як мага хутчэй адмовіцца ад газазабеспячэння з РФ.
Ён дадаў, што абмяркоўваў гэтае пытанне з лідарамі Польшчы і ЗША. Паводле яго слоў, з тэхнічнага пункту гледжання Славакія «знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі».
«Таму я вельмі рады прыняць прапанову прэзідэнта Польшчы і дзеянні польскага ўрада, якія дазволяць забяспечыць альтэрнатыўныя пастаўкі газу ў Славакію праз інтэрканэктар нашых сістэм», — сказаў Пелегрыні.
Навроцкі паведаміў, што Польшча неўзабаве стане хабам паставак звадкаванага газу з Злучаных Штатаў у краіны рэгіёна.
Ён нагадаў пра LNG-тэрмінал у Свінауйсьце і выказаў надзею на як мага хутчэйшае завяршэнне будаўніцтва плавучага тэрмінала ў Балтыйскім моры.
«Таму перад намі, краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, стаіць важная задача, у якой мы павінны быць адзінымі: як сказаў прэзідэнт (Славакіі, — рэд.) — поўная незалежнасць ад расійскага газу», — падкрэсліў Навроцкі.