BE RU EN

ЗСУ зачысцілі будынак гарсавета Пакроўска і ўзнялі там сцяг Украіны

  • 5.11.2025, 20:31

Відэа.

Штурмавікі 425-га палка «Скала» ЗСУ вярнулі ўкраінскі сцяг на будынак гарсавета ў Пакроўску Данецкай вобласці. Пра гэта 5 лістапада паведамляецца ў Facebook падраздзялення.

У відэа палка, апублікаваным на YouTube, гаворыцца, што апошнім часам расійскія акупанты распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што Пакроўск нібыта знаходзіцца цалкам пад іх кантролем, а на мэрыі горада вісіць іх трыкалор.

«Але мы гэтую інфармацыю абверглі. Былі задзейнічаны 210-ы і 1-ы штурмавыя батальёны. Выконвалі яе [вайсковую аперацыю] паэтапна. Былі спланаваныя лагістычныя маршруты, забеспячэнне асабовага складу і маршруты руху», – расказаў украінскі вайсковец з пазыўным «Баец».

Як гаворыцца ў відэаматэрыяле, дзве ўкраінскія штурмавыя групы атрымалі задачу прайсці ў цэнтр Пакроўска, зачысціць будынак гарсавета і вярнуць на яго ўкраінскі сцяг.

На заданне вайскоўцы выехалі ноччу. Нягледзячы на паражэнне машыны групы, штурмавікі зайшлі ў Пакроўск.

Перасоўванне груп па горадзе павінна было адбывацца незаўважна і хутка, таму быў выбраны маршрут па вуліцах з найбольшай колькасцю дрэў і ўкрыццяў.

«У нас быў адзін вайсковец 300-ы, але ён быў «лёгкі», ад эвакуацыі ён адмовіўся, сказаў: «Я хачу ісці на гэтае заданне». То бок «заданне я выканаю». Дайшоў, падняў сцяг, зачысцілі будынак. Будынак знаходзіцца пад нашым кантролем», – падкрэсліў «Баец».

Штурмавікі ЗСУ заспелі акупантаў зненацку, ліквідаваўшы ворага ўнутры будынка гарсавета.

«Прасунуліся ў будынак, зачысцілі, знішчылі там ворага, вывесілі сцяг Украіны і зрабілі сваю працу», – паведаміў украінскі вайсковец з пазыўным «Кэп».

Паводле слоў вайскоўца з пазыўным «Баец», рух праціўніка ў населеным пункце ёсць, але ён «знішчаецца з вельмі вялікай хуткасцю».

«Уводзяцца групы як 425-га асобнага штурмавога палка, так і іншых спецыяльных падраздзяленняў», – рэзюмаваў ён.

Апошнія навіны