Зяленскі прапанаваў Літве дапамогу ў барацьбе з гібрыднымі атакамі з боку Беларусі
- 5.11.2025, 19:12
Прэзідэнты Украіны і Літвы правялі тэлефонную размову.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў Літве дапамогу ў супрацьстаянні пагрозам з боку Беларусі падчас тэлефоннай размовы з літоўскім прэзідэнтам Гітанасам Наўседам. Ішлося ў тым ліку пра міграцыйны ціск і «паветраныя аб’екты» з нашай краіны, паведаміла прэс-служба Зяленскага 5 лістапада.
«Абмеркавалі магчымыя пагрозы для Літвы з Беларусі з-за гібрыдных атак міграцыйнымі хвалямі і паветранымі аб’ектамі. Я прапанаваў нашу дапамогу. Будзем працаваць, каб у нашым рэгіёне і ў сяброўскай Літве было больш бяспекі», — распавёў Зяленскі.
Ён адзначыў, што размова з Наўседам атрымалася добрай, а Літва вельмі дапамагае Украіне з самага пачатку гэтай вайны, і ў краіне вельмі цэняць усю аказаную падтрымку. Абмяркоўвалася ў тым ліку дапамога Літвы з газам у энергетыцы.
Прэс-служба лідара Літвы паведаміла: Наўседа казаў, што краіна гатовая да рашэнняў, якія забяспечаць бесперабойныя пастаўкі звадкаванага прыроднага газу ва Украіну праз Клайпедскі тэрмінал. Таксама Літва «імкнецца да канца бягучага года дасягнуць як мага больш адчувальнага прагрэсу ў перамовах аб уступленні Украіны ў Еўрапейскі саюз».