Генерал ЗША Бэн Ходжэс: Лукашэнка павінен ведаць, што яго прыцягнуць да адказнасці
- 5.11.2025, 20:36
Экс-камандуючы амерыканскай арміяй у Еўропе даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту Charter97.org.
Амерыканскі генерал-лейтэнант у адстаўцы, былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе, ветэран войнаў у Іраку і Афганістане Бэн Ходжэс у эксклюзіўным інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў аб галоўнай уразлівасці расіян, пракаментаваў гібрыдныя атакі рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна на Літву і заклікаў Захад да больш рашучых крокаў.
— Апошнім часам Расія рэзка ўзмацніла правакацыі на тэрыторыі Еўрапейскага саюза з мноствам парушэнняў паветранай прасторы НАТА беспілотнікамі і самалётамі. Што задумалі расіяне?
— Гэтыя аперацыі ў «шэрай зоне», якія Расія вядзе супраць краін НАТА, накіраваныя на тое, каб напалохаць людзей і адбіць у краін жаданне падтрымліваць Украіну, аказаць ціск на ўрады, каб яны спынілі падтрымку. Гэта першая мэта расійскага боку.
Другая мэта — дэстабілізаваць краіны, каб людзі страцілі давер да сваіх урадаў і адзін да аднаго. Дэзынфармацыя, умяшанне ў выбары, падтрымка экстрэмісцкіх арганізацый — усё гэта частка агульнай аперацыі ў «шэрай зоне», накіраванай на дэстабілізацыю Еўропы.
Нарэшце, я разглядаю гэта як тэст. Яны правяраюць, наколькі добрая наша абарона, наколькі хутка мы можам рэагаваць. Ці можам мы ідэнтыфікаваць тое, што яны робяць, і ці хапае ў нас волі? Пакуль Крэмль не панясе адказнасці за свае дзеянні, гэта будзе працягвацца.
— Апошнімі тыднямі ў аэрапорце Вільні неаднаразова ўзнікалі сур'ёзныя збоі ў працы з-за дзесяткаў метэазондаў, што прыляталі з Беларусі. Як ЕС павінен адрэагаваць на гэтую гібрыдную дзейнасць пры актыўным удзеле саюзніка Пуціна Лукашэнкі?
— Я лічу, закрыццё мяжы было правільным крокам з боку Літвы. Цікава, ці зможа Frontex (Еўрапейскае агенцтва па арганізацыі аператыўнага супрацоўніцтва на знешніх межах дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза — прым.) адыграць тут больш актыўную ролю ў абароне межаў Еўрапейскага саюза (мяркую, гэта ўключае парушэнні паветранай прасторы, асабліва такія выпадкі, як паветраныя шары). Думаю, вызначыць, адкуль прылятаюць гэтыя шары, не з'яўляецца немагчымым. Калі выдзеліць дастаткова рэсурсаў на назіранне, можна будзе вызначыць іх паходжанне. А затым знайсці спосабы перашкодзіць Беларусі працягваць гэта рабіць. Я не думаю, што гэта проста кантрабандысты. Калі гэта не арганізавана, то, без сумневу, адбываецца з ведама рэжыму.
— Лукашэнка публічна прызнаў, што беларускія памежнікі «напэўна бачылі» паветраныя шары, якія ляцелі з Беларусі ў Літву. Як перашкодзіць рэжыму працягваць гэтую дзейнасць?
— Перш за ўсё, трэба змяніць уяўленне. Выкарыстоўвайце датчыкі, радары і іншыя прылады, каб вызначыць, адкуль яны ляцяць, каб можна было знайсці вінаватых. У гэтым і праблема, калі гаворка пра аперацыі ў шэрай зоне. Яны заўжды дзейнічаюць так, каб было незразумела, хто нясе адказнасць. Гэта як з суднамі ценевага флоту — яны не плаваюць пад расійскім сцягам, але ўсе ведаюць, што яны перавозяць расійскую нафту, і большасць людзей разумее, што большасць гэтых суднаў не маюць належных сцягоў, страхоўкі або рэгістрацыі.
Думаю, падобныя дзеянні павінны стаць пунктам прыкладання намаганняў не толькі для Літвы, але і для Frontex — выкарыстоўваць свае рэсурсы для выяўлення і давядзення да ведама рэжыму Лукашэнкі, што ён будзе прыцягнуты да адказнасці. Кожны раз, калі такое будзе адбывацца, давядзецца заплаціць цану — ці ідзе гаворка пра закрыццё мяжы, ці пра іншыя ўскладненні. Ёсць яшчэ шмат інструментаў, напрыклад санкцыі. Акрамя таго, я думаю, што ўнутры Беларусі ёсць людзі, якія хацелі б дапамагчы спыніць гэтую дзейнасць. Апублічванне месцаў, дзе гэта адбываецца, прыцягненне ўвагі да гэтага, на маю думку, дапаможа гэтаму перашкодзіць.
— Вы згадалі, што адна з меркаваных мэт Расіі ў ходзе ўзмацнення правакацый — дэстабілізацыя еўрапейскіх урадаў. Ці можа гэта быць падрыхтоўкай да паўнавартаснай агрэсіі, ці гэта больш падобна на адцягненне ўвагі?
— Гэта не пытанне «або, або» — магчыма і тое, і другое. Не ведаю, ці ёсць дакладныя часавыя рамкі, але Расія адкрыта заявіла, чаго яна хоча: гэта Малдова, Эстонія, Латвія, Літва і знішчэнне Украіны. Відавочна, калі яны ўбачаць магчымасці, створаныя гэтай дэстабілізацыяй, асабліва калі мы дазволім Украіне пацярпець няўдачу, думаю, рызыка таго, што Расія зробіць наступны крок, павялічыцца.
— Ці гатовы ЕС у ваенным плане да новых выклікаў сучаснай вайны з выкарыстаннем беспілотнікаў і сучасных тэхналогій?
— Гэта не задача ЕС. Менавіта для гэтага існуе НАТА — абарончы альянс. Краіны НАТА, большая частка якіх таксама ўваходзіць у Еўрапейскі саюз, павінны працягваць працаваць у складзе альянсу, каб выконваць свае задачы ў адпаведнасці з рознымі агульнымі планамі, ухваленымі ваенным саюзам. Кожная краіна мае абавязак умець абараніць сябе.
Ці гатовыя яны? Не. Ці лепшыя мы, чым былі пару гадоў таму? Так. Гатоўнасць — гэта не канчатковая мэта, гэта працэс: пастаянная падрыхтоўка, пастаянная мадэрнізацыя. Практычна ні адна армія не мае кадраў у такой колькасці, якая, на яе думку, з'яўляецца дастатковай. Супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона — тое, што патрабуе пастаяннай трэніроўкі. Мы недастаткова гэта адпрацоўвалі. Гэта бясконцы пералік рэчаў, якія трэба зрабіць. Але такая прырода стрымлівання: расіяне павінны верыць, што краіны рыхтуюцца, што Расія пацерпіць няўдачу, калі яны нападуць.
— Калі ўспомніць дзеянні Расіі за апошні месяц: Данія, Эстонія, Польшча, Літва, Бельгія, Нідэрланды — ці не пачалі гэтыя краіны лепш усведамляць, што адбываецца, і з большым стараннем рыхтавацца да будучай агрэсіі, замест таго каб спалохацца і адвярнуцца ад Украіны?
— Урады — вядома, але мэтай з'яўляюцца пэўныя пласты насельніцтва. Расіяне займаліся інфільтрацыяй. Адна з найбуйнейшых палітычных партый у кожнай краіне, як правіла, правога толку, пракрамлёўская і супраць падтрымкі Украіны. Нягледзячы на тое, што пералічаныя вамі краіны падтрымліваюць Украіну, унутры кожнай з іх расце палітычны рух, які падтрымліваецца Расіяй, які, як правіла, пракрамлёўскі і выступае супраць падтрымкі Украіны. Усё гэта ўзаемазвязана.
— Калі б ЗША перадалі Украіне «Тамагавкі», ці змяніла б гэта сітуацыю на полі бою?
— Гэта стала б істотным дадаткам да таго, што Украіна ўжо робіць для знішчэння расійскай нафтагазавай інфраструктуры. Думаю, у Украіны ёсць уласная тэорыя перамогі. Яна ўключае знішчэнне расійскай нафтагазавай інфраструктуры, бо менавіта так Расія аплачвае гэтую вайну. Калі ўдасца яе знішчыць або сур'ёзна парушыць (плюс парушыць рух суднаў ценевага флоту, што перавозяць расійскую нафту ў Кітай і Індыю), Расіі будзе значна цяжэй фінансаваць вайну.
«Тамагавкі» сталі б істотным дадаткам да таго, што Украіна ўжо робіць, выкарыстоўваючы ўласныя крылатыя ракеты і беспілотнікі вялікай дальнасці, асабліва калі іх будзе многа. Калі б іх было ўсяго 10, 20 або 50, гэта не мела б вялікага значэння. Але некалькі сотняў — гэта можа даць адчувальны эфект. Таму лічу памылкай ЗША не даваць іх, гэтак жа як памылкай Нямеччыны — не пастаўляць ракеты Taurus. Гэтыя дальнабойныя высокадакладныя сродкі могуць даць Украіне магчымасці не толькі для знішчэння нафтагазавай інфраструктуры, але і для знішчэння расійскай лагістыкі, аэрадромаў, штабоў — калі атрымаецца знішчыць усё гэта, тады амаль не мае значэння, колькі ў Расіі салдат.
— Як вы ацэньваеце сітуацыю стратэгічна? Відавочна, што на лініі фронту склалася патовая сітуацыя. Аднак Пуцін гуляе ў доўгую: у яго шмат чалавечых рэсурсаў, павялічана ваенная прамысловасць. З іншага боку, Украіна ўзяла пад прыцэл нафтагазавую інфраструктуру. Куды стратэгічна схіляюцца шалі?
— Успомнім, гэтая вайна доўжыцца ўжо 11 з паловай гадоў, і ў Расіі была поўная перавага, але яны дагэтуль кантралююць толькі каля 20% Украіны. Яны змагаюцца за Пакроўск ужо больш за год, страцілі сотні тысяч забітымі і параненымі ў гэтым раёне. Нават калі яны ўрэшце возьмуць Пакроўск, што тады? У Расіі проста няма магчымасцяў прарваць украінскую абарону. Тут склалася своеасаблівая патовая сітуацыя.
Тым часам Украіна вядзе іншы тып вайны на аператыўным узроўні, накіраваны на расійскую нафтагазавую інфраструктуру, каб перашкодзіць ёй экспартаваць сваю прадукцыю ў Кітай і Індыю. На мой погляд, гэта правільны кірунак, і менавіта ў гэтым напрамку мы ўсе павінны падтрымліваць украінскі бок: або інвестуючы ў яе абарону, або прадастаўляючы ёй гэтыя магчымасці.
У Украіны ёсць праблемы. Яна таксама нясе велізарныя страты, а Расія бесперапынна атакуе энергасістэму Украіны і грамадзянскія аб'екты. Гэта не тое, праз што хочацца праходзіць год за годам. Я не хачу ставіць тэрміны, але ўпэўнены, што калі праз год мы пагаворым з вамі, сітуацыя, верагодна, будзе ў многім падобная да цяперашняй, калі толькі не адбудзецца нешта значнае звонку для любой з бакоў.
— Якія ўразлівасці Расіі вы бачыце?
— Падаецца, Крэмль пазбягае прыцягваць салдат з Санкт-Пецярбурга і Масквы. Яны вербуюць галоўным чынам з іншых рэгіёнаў краіны, бо, як мне падаецца, хочуць пазбегнуць вялікай колькасці пахаванняў у гэтых гарадах. Такім чынам, гэтыя два мегаполісы, здаецца, не так моцна пацярпелі ад страт. Гэта кажа мне, што Крэмль занепакоены грамадскай думкай, але гаворка не пра пратэсты на вуліцах — я не думаю, што гэта адбудзецца.
Галоўная ўразлівасць Расіі — тое, што стагоддзямі было яе сілай. З-за памераў і велізарных прастораў Расіі цары заўсёды маглі паглынуць армію захопніка. Я думаю, што памер краіны стаў уразлівасцю, бо Украіна мае магчымасць дасягнуць амаль любой мэты — з дапамогай крылатай ракеты, беспілотніка вялікай дальнасці або нават нечага падобнага да аперацыі «Павуціна», калі яны змаглі дабрацца нават да базы на поўначы. З-за сваіх памераў Расія фактычна не можа абараніць усё. Раней яна разлічвала на велізарную тэрыторыю як на абарону — думаю, гэтага больш няма. Дык гэта ўразлівасць, якой украінцы будуць і далей карыстацца.