Медыцына ў Беларусі — толькі для Лукашэнкі і яго чыноўнікаў
- 5.11.2025, 11:07
Пра што кажа гісторыя закрытай бальніцы ў Веткаўскім раёне.
У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці без лішняй агалоскі закрылі папулярную ў мясцовых жыхароў участковую бальніцу.
У бальніцу ў Свяціловічах ехалі як у санаторый з усёй вобласці, піша выданне «Флагшток». Тут пацыенты аднаўляліся пасля траўмаў. І ў гэтым, паводле водгукаў многіх, дапамагала ў тым ліку і мясцовасць: маляўнічая прырода, прыгожае возера Свяцкое, піша «Салідарнасць».
Паказальна, што тэма закрыцця бальніцы ўзнімалася яшчэ ў 2018-м у мясцовай раённай газеце, якая тады пісала, што «колькі б людзей ні пераконвалі ў адваротным, чутка вылілася ў зварот у адміністрацыю прэзідэнта».
Як бачым, Лукашэнка не ўратаваў бальніцу. Больш за тое, у 2025-м не менш занепакоеных мясцовых жыхароў ніхто не стаў ні пра што папярэджваць.
Хіба што «Сельская газета», адказваючы на пытанне чытачкі, прывяла словы чыноўніцы Гомельскага аблвыканкама. Та, як змагла, «развеяла чуткі»: маўляў, закрываць бальніцу не будзем, а рэарганізуем.
На справе «рэарганізацыяй» стаў перанос 20 рэабілітацыйных ложкаў на базу Веткаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. І ўсё гэта для «зручнасці пацыентаў».
Сітуацыя, у якой апынулася бальніца ў Свяціловічах, зусім не ўнікальная. Падобныя гісторыі перажываюць многія медыцынскія ўстановы ў рэгіёнах.
Цэнтральныя раённыя бальніцы фактычна становяцца ўчастковымі, страчваючы спецыялістаў і цэлыя аддзяленні, перш за ўсё — радзільныя і дзіцячыя.
Але калі хто-небудзь захоча сказаць, што ў сённяшняй Беларусі з медыцынай стала зусім дрэнна, не верце гэтаму чалавеку. Як мінімум — нязручнасці закранулі не ўсіх.
Лукашэнка, да якога сем гадоў таму звярталіся жыхары Веткаўскага раёна, не дасць схлусіць. Яго ж лечаць у трохпавярховым VIP-комплексе з мармурам, пазалотай і нямецкай сантэхнікай.
Усё выдатна з медыцынай і ў найбліжэйшага атачэння кіраўніка. Клінікі для «слуг народа» ў нашы дні маюць звычку адкрывацца, а не падвяргацца «рэарганізацыі». У лістападзе пад Мінскам запрацуе яшчэ адзін лячэбна-дыягнастычны корпус «для эліт».