Вучоны распавёў, як «абудзіць» сваю свядомасць
- 5.11.2025, 3:52
Вышэйшыя станы свядомасці назаўсёды змяняюць успрыманне рэчаіснасці.
Некаторыя людзі апісваюць асаблівыя імгненні, калі ўсё навокал здаецца незвычайна яркім, жывым і значным, а межы паміж сабой і светам нібыта знікаюць. Псіхолагі называюць гэта вопытам абуджэння свядомасці — кароткатэрміновым станам пашыранага ўспрымання, які можа змяніць стаўленне да жыцця. Брытанскі псіхолаг Стыў Тэйлар больш за 15 гадоў вывучае такія станы і прыйшоў да высновы, што яны маюць заканамерныя прычыны. Паводле ягоных дадзеных, існуе тры асноўныя «трыгеры» абуджэння. Праца апублікаваная ў выданні The Conversation.
Першы — псіхалагічны крызіс: стрэс, дэпрэсія або страта. Каля трэці ўдзельнікаў яго даследаванняў паведамлялі, што менавіта ў моманты моцных узрушэнняў раптам адчувалі пачуццё ўнутранага спакою і адзінства са светам.
Другі — кантакт з прыродай. Прыблізна чвэрць апытаных апісвалі глыбокія перажыванні пры выглядзе прыгожых пейзажаў, падчас плавання або шпацыраў у гарах. «Я адчувала сябе часткай усяго, цалкам у гармоніі з прыродай», — распавяла адна з удзельніц.
Трэці фактар — духоўная практыка, уключаючы медытацыю, малітву або ёгу. Такія практыкі спрыяюць унутранай цішыні, пры якой увага становіцца больш вострай, а ўспрыманне — больш ясным.
Паводле слоў Тэйлара, у такія моманты зніжаецца «аўтаматызм» успрымання: звыклыя фільтры ўвагі слабнуць, і чалавек пачынае бачыць свет быццам нанова. Часам да гэтага вядзе не спакой, а, наадварот, моцнае эмацыйнае ўзрушэнне — «часовае разбурэнне звыклых схем успрымання» можа выклікаць кароткі выхад за межы эга.
Даследаванні паказваюць, што абуджэнне свядомасці можа мець доўгатэрміновыя наступствы: павышаецца ўпэўненасць, аптымізм і пачуццё сувязі з жыццём.
«Нават калі вопыт доўжыўся некалькі хвілін, ён застаецца найважнейшай падзеяй у жыцці», — адзначыў вучоны.
Хаця такія станы нельга выклікаць па жаданні, іх верагоднасць можна павысіць, ствараючы ўмовы для ўнутранага спакою — напрыклад, праз медытацыю або свядомае знаходжанне на прыродзе.