NYT: ЗША разглядаюць тры варыянты мер у дачыненні да Венесуэлы
- 4.11.2025, 23:39
Дні Мадуры злічаныя?
Адміністрацыя ЗША разглядае тры магчымыя варыянты ваенных мер у дачыненні да Венесуэлы, уключаючы авіяўдары і аперацыі спецыяльных падраздзяленняў. Пра гэта паведамляе газета The New York Times са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле матэрыялаў выдання, першы сцэнар прадугледжвае нанясенне авіяўдараў па ваенных аб’ектах з мэтай пазбавіць дыктатара Нікаласа Мадуры ваеннай падтрымкі. Другі варыянт прадугледжвае накіраванне сіл спецыяльнага прызначэння для захопу або ліквідацыі Мадуры.
«Трэці варыянт прадугледжвае значна больш складаны план накіраваць контртэрарыстычныя сілы ЗША для захопу кантролю над аэрадромамі і, прынамсі, часткай нафтавых радовішчаў і інфраструктуры Венесуэлы», — піша газета.
1 лістапада газета The Washington Post паведаміла, што ЗША накіравалі да ўзбярэжжа Венесуэлы баявыя караблі, падводныя лодкі і тысячы вайскоўцаў. Нарошчванне ваенных сіл і сродкаў Вашынгтона ў Карыбскім басейне сведчыць пра тое, што адміністрацыя ЗША рыхтуецца пашырыць аперацыі ў рэгіёне, адзначаецца ў матэрыяле.