Пуціну не дае спакою ўзяцце Масквы продкамі беларусаў
- 4.11.2025, 19:06
Дыктатар РФ усклаў кветкі да помніка Мініну і Пажарскаму на Чырвонай плошчы.
Дыктатар РФ Уладзімір Пуцін усклаў кветкі да помніка Кузьме Мініну і Дзмітрыю Пажарскаму, размешчанага на Чырвонай плошчы. Пра гэта паведамляецца на сайце Крамля.
У цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі канфесій Расіі: кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл, старшыня Духоўнага ўпраўлення мусульман Расіі Равіль Гайнутдзін, галоўны рабін Расіі Берл Лазар, кіраўнік будыйскай традыцыйнай сангхі Расіі XXIV Пандыта Хамба-лама Дамба Аюшаеў і іншыя, а таксама члены грамадскіх і моладзевых арганізацый.
Нагадаем, пачынаючы з 2005 года, у Расіі пампезна і з размахам святкуецца так званы «Дзень народнага адзінства». Аднак нават у самой Расіі не ўсе адназначна ўспрымаюць увядзенне гэтага свята.
Напрыклад, вядомы пісьменнік Віктар Ярафееў надзвычай негатыўна выказваўся пра гэтае «свята», сказаўшы літаральна наступнае: «Лічу, што гэта празмерна надуманае, фальшывае мерапрыемства, пафас якога намаганнямі дзяржаўнай прапагандысцкай машыны будзе раздзьмуты да трыумфу ўселенскага жлобства. Увогуле, я лічу, што гэта вялікая памылка — узводзіць у ранг дзяржаўнага свята даволі сумнеўныя разборкі ўладных груповак часоў Смуты. На месца аднаго ілжывога і навыскрозь фальшывага свята, маю на ўвазе гадавіну Кастрычніцкага перавароту, прыдумалі іншае — такое ж фальшывае і ілжывае, якое служыць толькі адной мэце: працягваць распальваць варожасць і непрыязнасць паміж нашымі народамі».
Пад «нашымі народамі» Ярафееў мае на ўвазе рускіх і палякаў, але самі палякі лічаць сябе толькі адносна датычнымі да падзей лістапада 1612 года. На думку польскага гісторыка Іераніма Гралі: «...што мяне трохі збянтэжвае ў выкладзе падзей часоў Смуты, — гэта акцэнт на польскім паходжанні захопнікаў. Бо ў войску «ляхоў», уласна этнічных палякаў было не больш за 30%, астатнія былі літоўцамі, беларусамі (ліцвінамі), украінцамі і немцамі. Бо самі сучаснікі часта называлі інтэрвентаў «ліцвінамі». Акрамя таго, апалчэнне Мінiна і Пажарскага выгнала з Крамля і рускіх баяраў, разам з будучым царом Міхаілам Раманавым, яго маці і дзядзькам».
А, напрыклад, біскуп-вікарый архідыяцэзіі Божай Маці Анджэй Стецкевіч увогуле не разумее, што ж такое адзначаюць у Расіі 4 лістапада: «Калі гэтае свята ўвялі, я часта пытаўся ў суайчыннікаў: «Што азначае дата — 1612 год?» Амаль ніхто не даваў мне адказу».
Сапраўды, выдаваць унутраныя разборкі некалькіх палітычных груп, калі адна з іх (маскоўская семібаяршчына) выступіла прыхільнікам закліку на трон польскага каралевіча, называць гэта днём нейкага «народнага адзінства» — больш чым дзіўна.
Фактычна, можна казаць пра грамадзянскую вайну, што адбывалася ў той час у Масковіі (Расіі) паміж прыхільнікамі і праціўнікамі польскага караля і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта III і яго сына Уладзіслава. І не больш за тое. Уласна, сам па сабе факт увацарэння замежнай дынастыі не быў бы навіной для Масковіі, бо тыі ж Рурыкавічы былі пакліканыя на княжанне са Скандынавіі, а з сярэдзіны XVIII стагоддзя краінай правілі немцы. І нікога гэта не абурала.
Апалчэнне Мінiна і Пажарскага змагалася не столькі за незалежнасць Расіі, колькі ўдзельнічала ў банальных разборках за ўладу паміж дзвюма канкуруючымі групоўкамі. На баку другой групоўкі выступалі ліцвіны (беларусы), якія складалі больш за палову ў войску так званых «інтэрвентаў».
Так, камендантам літоўскага гарнізона ў Крамлі да лета 1612 года быў вялікі рэфэрэндар літоўскі Аляксандр Корвін-Гасеўскі, якога на гэтай пасадзе змяніў Мікалай Струсь — літоўскі (беларускі) палкоўнік, што камандаваў гарнізонам Крамля летам-восенню 1612 года, г.зн. да яго здачы. І, нарэшце, дэблакіруючай групоўкай войскаў, якая прабіралася на дапамогу асаджаным, камандаваў Ян Караль Хадкевіч, у 1605–1621 гадах займаўшы пасаду Вялікага гетмана Літоўскага.
Фармальна Маскоўскім царом, да 1634 года, заставаўся сын Жыгімонта III — кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі, Уладзіслаў IV Ваза. Яшчэ ў 1610 годзе ён быў запрошаны на трон маскоўскімі баярамі і духавенствам. Уладзіславу прысягнулі на вернасць практычна ўсе жыхары Масквы і многіх іншых гарадоў. Нават чаканілася манета з яго выявай.
Заходнія каралі і манархі не ўспрынялі ўсур'ёз наступнае «увацарэнне» Міхаіла Раманава. Бо законным царом яны лічылі Уладзіслава IV Вазу.
Польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі тады быў рэальным кіраўніком большай часткі Маскоўскіх земляў. Мяжа праходзіла ўсяго за 100 км ад Масквы, а за ёй ляжалі землі, заселеныя галоўным чынам не рускімі, а мардвай, чувашамі, удмуртамі, башкірамі, татарамі і іншымі народамі.
І, нарэшце, зусім незразумела, чаму сёння ў Расіі святкуюць менавіта 4 лістапада? У гэты дзень адзін з атрадаў апалчэнцаў Мінiна і Пажарскага захапіў частку ўмацаванняў Кітай-гарада, прымусіўшы ліцвінаў адступіць у Крэмль. Гэты бой зусім не быў «вызначальным». Змаганне працягвалася і 5 лістапада, і толькі ўвечары таго ж дня камандаванне гарнізона падпісала капітуляцыю. А адкрыццё варот і здача гарнізона ўвогуле адбыліся ўжо 6 лістапада.
Узнікае пытанне, чаму б сёння расійскім гісторыкам і палітыкам не сказаць адкрыта, што Маскву ў 1612 годзе вызвалялі не столькі ад палякаў, колькі ад беларусаў? Адказ просты. Бо праўдзівая трактоўка падзей разбурыць імперскі міф пра «спрадвечную дружбу» рускага і беларускага народаў і пра падступных палякаў.