FT: Новых членаў ЕС могуць паставіць на «выпрабавальны тэрмін» на некалькі гадоў
- 4.11.2025, 17:11
Такая ініцыятыва з’явілася праз Венгрыю.
Новых дзяржаў-членаў ЕС могуць паставіць на «выпрабавальны тэрмін» на некалькі гадоў і выключыць з блока ў выпадку адступлення ад дэмакратыі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Financial Times.
Як адзначае выданне, такая ініцыятыва з’явілася на фоне асцярог, што новыя члены будуць падражаць Венгрыі пасля ўступлення ў ЕС.
FT нагадала, што, падштурхнутая поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе і жаданнем далучыць да сябе астатнія заходнебалканскія краіны, Еўрапейская камісія аднавіла працэс пашырэння, які быў прыпынены больш чым на дзесяцігоддзе.
Нягледзячы на тое, што Еўрапейская камісія падтрымлівае пашырэнне рэгіянальнага ўплыву ЕС, некалькі сталіц выступаюць супраць таго, каб Украіна, Малдова і заходнія Балканы патэнцыйна парушалі правілы блока адносна дэмакратыі, свабоды СМІ і незалежнасці судовай улады пасля далучэння да блока, а таксама ўступалі ў саюз з Расіяй.
«Я не хачу, каб мяне запомнілі як камісарку, якая прывяла траянскіх коней, што потым будуць актыўнымі праз пяць, дзесяць або пятнаццаць гадоў», — падкрэсліла камісарка па пытаннях пашырэння Марта Кос.
Паводле яе слоў, Еўракамісія прапрацоўвае такія ідэі, як «пераходны перыяд, свайго роду выпрабавальны тэрмін, захады засцярогі». Яны знаходзяцца на ранняй стадыі.
«Нам патрэбная гэтая дыскусія, і мы не павінны яе баяцца», — адзначыла Кос.
Навошта патрэбны выпрабавальны тэрмін
Сёння Еўракамісія апублікавала штогадовы агляд прагрэсу краін-кандыдатаў, сярод якіх Украіна і Малдова, а Чарнагорыя была прызнаная краінай, якая найлепш прасоўваецца ў правядзенні неабходных рэформаў для ўступлення ў блок.
У той жа час Кос прызнала, што сталіцы краін ЕС значна асцярожней ставяцца да прыняцця новых членаў, чым можна было б меркаваць з іх публічных заяў аб падтрымцы.
Выданне адзначае, што такое стаўленне ў значнай ступені абумоўлена досведам блока з прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, які неаднаразова змякчаў санкцыі супраць Расіі, выступаў супраць любой вайсковай дапамогі Украіне і станавіўся ўсё больш аўтарытарным у сваёй краіне, нягледзячы на спробы Бруселя аказваць на яго ціск, затрымліваючы сродкі ЕС.
Кос дадала, што Еўракамісія працуе над прапановамі, якія прадугледжваюць узмацненне гарантый вяршэнства права і стварэнне больш эфектыўных механізмаў прыпынення правоў або льгот у выпадку парушэння асноўных каштоўнасцяў.
Яна адзначыла, што краіну могуць выключыць з блока ў разе паўторных парушэнняў.
У дакладзе аб пашырэнні ўказана, што «будучыя пагадненні аб далучэнні павінны ўтрымліваць больш строгія гарантыі недапушчэння адступлення ад абавязацельстваў, узятых падчас перамоваў аб далучэнні, а таксама патрабаванні да новых дзяржаў-членаў адносна далейшай абароны і забеспячэння неадваротнага характару іх дасягненняў у сферы вяршэнства права».
FT папярэдзіла, што новы падыход прывядзе да больш жорсткіх патрабаванняў да новых членаў у параўнанні з існымі, сярод якіх Венгрыя, а таксама можа выклікаць скаргі з боку Кіева і іншых сталіц, якія хочуць далучыцца, што яны падвяргаюцца дыскрымінацыі.