Рынак жылля ў Мінску на піку
- 4.11.2025, 11:28
Што чакае рынак нерухомасці да канца года.
Кошт кватэр у Мінску працягвае расці. Аналітыкі прагназуюць, што да канца 2025 года цэны на жыллё застануцца стабільнымі або працягнуць павялічвацца, і істотнага адкату да ранейшых узроўняў чакаць не варта. «Зеркало» распавядае, якая сітуацыя на рынку нерухомасці ў сталіцы.
У кастрычніку ў Мінску зарэгістравалі 1263 здзелкі з кватэрамі — крыху больш, чым у верасні (1252), але менш, чым у жніўні (1379). Мінулы месяц, верагодна, перасягне верасень, калі будуць зафіксаваныя ўсе здзейсненыя здзелкі, адзначаецца ў тэлеграм-канале Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
У той жа час удзельная вага здзелак з выкарыстаннем крэдытаў на другасным рынку знізілася з летніх 30% да восеньскіх 20%. Сярэдні памер пазыкі цяпер складае каля 140 тысяч рублёў, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская са спасылкай на даныя агенцтва нерухомасці «Твоя столица».
Рынак нерухомасці Мінска дэманстраваў упэўнены рост на працягу ўсяго 2025 года. Да трэцяга квартала цэны на другасным рынку дасягнулі гістарычнага максімуму, наблізіўшыся да 2 тыс. долараў за квадратны метр, паведамляецца на сайце «Про недвижимость».
На пачатку лістапада сярэдні кошт квадратнага метра жылля ў Мінску складаў 1752 долары, што на 27 долараў даражэй, чым месяц таму. З пачатку года кошт «квадрата» вырас на 222 долары, або на 14,5%, адзначаюць эксперты «Про недвижимость».
Рост цэн у асноўным падтрымліваецца новымі сучаснымі дамамі, што, у сваю чаргу, прывяло таксама да падаражання і старога жыллёвага фонду. Таксама ўплываюць патаннелыя крэдыты, адзначаюць эксперты. У кастрычніку сярэдняя працэнтная стаўка па іпатэчным крэдыце на 20 гадоў была ад 13,75% гадавых.
Паводле ацэнак аналітыкаў, да канца 2025 года істотнага зніжэння цэн не чакаецца: рынак, верагодна, альбо захавае плыўны рост, альбо стабілізуецца. Вяртанне да ранейшых нізкіх цэн малаверагоднае.