Прэзідэнт Сербіі абвясціў пра правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў
- 4.11.2025, 10:57
Праз пратэсты ў краіне.
Кіраўніцтва Сербіі пагадзілася пайсці насустрач дэманстрантам і правесці датэрміновыя выбары ў парламент, паўнамоцтвы якога заканчваюцца ў снежні 2027 года.
Прэзідэнт рэспублікі Аляксандар Вучыч заявіў, што пайшоў на гэта «з павагі да патрабаванняў пратэстоўцаў». Дату выбараў вызначаць пазней. «Калі? Гэта будуць вырашаць кампетэнтныя органы. І народ пакажа на выбарах, якую палітыку ён падтрымлівае», — дадаў кіраўнік дзяржавы. Прадстаўнікі пратэстоўцаў заклікалі правесці галасаванне ў найкарацейшыя тэрміны і паабяцалі свой спіс кандыдатаў.
Аднак блізкі памочнік Вучыча паведаміў Financial Times, што, хутчэй за ўсё, выбары адбудуцца «не раней за канец наступнага года».
Мінулымі выхаднымі ў Сербіі зноў прайшлі масавыя антыўрадавыя пратэсты, прысвечаныя гадавіне абрушэння навесу на чыгуначным вакзале ў Новым-Садзе — тады загінулі 16 чалавек. Дэманстранты лічаць, што да трагедыі прывялі карупцыя і кумавство ў вярхах улады, і патрабуюць распуску парламента і адстаўкі Вучыча. 1 лістапада ў акцыі ў Новым-Садзе ўзялі ўдзел 39 тысяч грамадзян.