Адзін з самых рэдкіх пінгвінаў у свеце здзівіў навукоўцаў
- 4.11.2025, 10:27
Гэта дазволіць выратаваць птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Даследчыкі толькі што выявілі, што адзін з самых рэдкіх пінгвінаў у свеце насамрэч уключае тры падвіды — раней навукоўцы нават не падазравалі пра гэта. Лічыцца, што новыя даныя могуць дапамагчы выратаваць птушак ад знікнення.
Пінгвіны хойхо (Megadyptes antipodes) жывуць выключна на мацерыковай частцы Новай Зеландыі, а таксама на астравах Эндэрбі і Кэмпбэл, і гэта даволі цікавыя птушкі: іх ярка-аранжавыя вочы немагчыма не заўважыць, а ўражлівы крык ні з чым не зблытаеш. Птушкі таксама робяць свае гнёзды пад густой расліннасцю, што таксама незвычайна для пінгвінаў, піша «Фокус».
На жаль, від знаходзіцца пад пагрозай знікнення: за апошнія тры дзесяцігоддзі колькасць птушак істотна скарацілася. Паводле ацэнак навукоўцаў, у дзікай прыродзе засталося ўсяго 22600-3000 палаваспелых асобін, а на мацерыку — менш за 150 гняздуючых пар. Навукоўцы лічаць, што знікненне віду звязана з шэрагам фактараў, уключаючы страту месцапражывання і смяротнасць ад пабочнага ўлову. Аднак рост захворвання, вядомага як рэспіраторны дыстрэс-сіндром (РДС), сярод птушанят хойхо з 2019 года таксама аказаў значны ўплыў.
Разуменне біялагічнага кода відаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, з'яўляецца важнай часткай прыродаахоўнай дзейнасці. Гэта можа дапамагчы навукоўцам вызначыць уразлівыя месцы віду, напрыклад здольнасць змагацца з хваробамі або адаптавацца да змяняльных умоў навакольнага асяроддзя.
У новым даследаванні каманда з Універсітэта Атага прааналізавала ДНК 249 хойхо з мацерыка і астравоў. Вынікі нечакана выявілі доказы, што пацвярджаюць існаванне трох асобных відаў. Варта адзначыць, што артыкул яшчэ не прайшоў рэцэнзаванне і апублікаваны ў выглядзе прэпрынта.
Далей навукоўцы параўналі геномы з геномамі двух вымерлых відаў пінгвінаў і выявілі, што тры падвіды ўяўляюць сабой глыбока дывергентныя лініі — птушкі аддаліліся адна ад адной у перыяд паміж 5000 і 16 000 гадоў таму.
Па словах аўтара даследавання, доктара Мела Янга з Дэпартамента аховы прыроды, атрыманыя вынікі могуць растлумачыць, чаму ў паўднёвай папуляцыі пінгвінаў хойхо няма прыкмет сіндрома RDS у параўнанні з паўночнымі папуляцыямі. Праўда, аўтары прызнаюць, што пытанне аб наяўнасці генетычных адрозненняў усё яшчэ застаецца адкрытым і патрабуе далейшых даследаванняў. Тым не менш ёсць надзея, што адкрыццё трох падвідаў дапаможа аптымізаваць намаганні па ахове пінгвінаў, асабліва з улікам уразлівасці мацерыковай папуляцыі.