Названыя наступныя мэты Пуціна
- 4.11.2025, 8:41
І яны зусім не ў ЕС.
Пуцін можа ўчыніць дэстабілізацыю ў Арменіі і Казахстане, лічаць прэзідэнт і старшы навуковы супрацоўнік Ёрктаунскага інстытута Сет Кроспі і Джозеф Эпштэйн. Іх меркаванне апублікавала 3 лістапада выданне The Washington Post.
Свой матэрыял аўтары пачалі з заявы, што «Пуцін накіроўваецца да наступнага прыпынку». Яны лічаць, што паўтарыць у іншых краінах паўнамаштабнае ўварванне, як ва Украіне, Расія не ў стане, але яна можа звярнуцца да скрытых кампаній уплыву, дэзінфармацыі, дэстабілізацыі і нават ваенных і разведвальных аперацый.
«Трывожныя сігналы» з'яўляюцца ў Казахстане і Арменіі, былых рэспубліках Савецкага Саюза, — пішуць Кроспі і Эпштэйн. Яны лічаць, што Масква ў апошнія месяцы актывізавала намаганні па дэстабілізацыі гэтых краін.
У публікацыі звяртаецца ўвага, што на поўначы Казахстана, дзе пражываюць пераважна расіяне, расійскія спецслужбы спрабавалі справакаваць беспарадкі, а ў Арменіі супраць урада выступіла царква, якую абвінавачвалі ў сувязях з разведкай РФ. Акрамя таго, у Арменіі арыштавалі пракрамлёўскага бізнэсоўца ў рамках справы аб падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.
Тое, што адбываецца, нагадвае аўтарам The Washington Post стратэгію РФ адносна Украіны: распальваць незадаволенасць у рускамоўных рэгіёнах, фінансаваць лаяльных алігархаў (у прыклад прыводзіцца экс-нардэп ад забароненай партыі ОПЗЖ, кум Пуціна Віктар Медведчук) і прыцягваць на свой бок мясцовую праваслаўную царкву.
Казахстан «асабліва ўразлівы» перад Расіяй, лічаць эксперты. Яны нагадваюць, што армія Казахстана «слабей за ўкраінскую», а расійска-казахстанская мяжа даўжынёй 7,4 тыс. км «практычна не абароненая».
Кроспі і Эпштэйн сумняваюцца, што Пуцін нанясе ўдар па Казахстану, але ўпэўненыя, што кіраўнік Крамля можа для гэтага «падрыхтаваць глебу», і заяўляюць, што «лепшая абарона Казахстана» — звязаць сябе з Кітаем, Турцыяй, Злучанымі Штатамі і Еўразвязам, павысіўшы палітычную і эканамічную цану агрэсіі.
Расійскія палітыкі і эксперты, у тым ліку сам Пуцін, раней выказваліся пра Казахстан як пра краіну, у якой «ніколі не было дзяржаўнасці», а расійскія прапагандысты рэгулярна абвінавачваюць улады Казахстана ў «русафобіі» і заклікаюць да абароны этнічных расіян, як гэта раней было ў адносінах да ўкраінскіх Крыму і Данбаса, папярэджваюць Кроспі і Эпштэйн.
Што да Арменіі, то, на іхнюю думку, Масква зацікаўленая ў зрыве падпісанага пры ўдзеле ЗША мірнага пагаднення паміж Арменіяй і Азербайджанам. Прычына — вярнуць рычагі ўплыву на «Сярэдні калідор» — гандлёвы шлях, які злучае Азію і Еўропу ў абыход Расіі і Ірана. У публікацыі таксама канстатуецца, што цяпер і «Грузія схіляецца ў бок Расіі».